У ЗША пракаментавалі словы Лукашэнкі пра вагнераўцаў, якія "рвуцца" у Польшчу

Будынак Дзярждэпартамента ЗША ў Вашынгтоне / АР
Будынак Дзярждэпартамента ЗША ў Вашынгтоне / АР

Заяву Аляксандра Лукашэнкі пра наймітах ПВК "Вагнер", якія рвуцца ў Польшчу, у Дзярждэпартаменце ЗША назвалі безадказнымі. Там таксама нагадалі, што ваяваць у гэтым выпадку давядзецца і з ЗША.

"Я скажу, што гэта яшчэ адзін з серыі безадказных каментароў Лукашэнкі. І адзінае, што я паўтару, як я ўжо казаў з іншай нагоды раней на гэтым брыфінгу, Злучаныя Штаты будуць абараняць кожную цалю тэрыторыі NATO", – заявіў на брыфінгу прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер. Цытату прыводзіць Reform.by.

Мілер адзначыў, што ў Еўрапейскім рэгіёне ёсць толькі адна краіна, "якая прадэманстравала не толькі намер, але і гатоўнасць уварвацца да сваіх суседзяў, і гэта Расія, а не Польшча, ні якая-небудзь іншая краіна ў рэгіёне". Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША падкрэсліў, што стасункі Вашынгтона і Варшавы моцныя. Польшча сябра NATO, "і мы будзем абараняць, калі спатрэбіцца, кожны сантыметр тэрыторыі NATO".

Нагадаем, у нядзелю Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным распавядаў, што "вымушаны стрымліваць" вагнераўцаў, якія пачалі яго "напружваць" тым, што хочуць схадзіць "на экскурсію ў Варшаву і Жешув". Раней эксперты Інстытута вывучэння вайны ўжо назвалі гэтыя заявы інфармацыйнай кампаніяй. Яны адзначылі, што ў ПВК "Вагнер" у Беларусі няма цяжкай тэхнікі, але нават калі б гэта ўзбраенне ў іх з'явілася, вагнераўцы "не ўяўляюць істотнай пагрозы для NATO".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі