Украіна просіць у ЕС шырокамаштабнай ваеннай дапамогі
Украіна заклікае Еўрасаюз правесці надзвычайную сесію Еўрапейскага савета 30 жніўня.
Украіна прапануе ўвесці наступныя санкцыі супраць Расіі і просіць аказаць украінскаму боку маштабную ваенную і ваенна-тэхнічную дапамогу. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным у чацвер каментары прадстаўніка Украіны пры Еўрасаюзе Канстанціна Елісеева, паведамляе censor.net.ua.
"Хопіць саступак і замірэнняў агрэсару! Салідарнасць павінна быць абсалютнай і бессумнеўнай. Яна павінна матэрыялізавацца ў наступныя рашучыя і істотныя санкцыі, а таксама шырокамаштабную ваенную і ваенна-тэхнічную дапамогу Украіне дзеля спынення агрэсара", — адзначыў амбасадар Украіны пры ЕС.
Пасол нагадаў, што ад пачатку ваеннай агрэсіі Расіі ў лютым Савет ЕС прыняў 11 заключэнняў па Украіне, а Еўрапарламент прыняў 4 рэзалюцыі, заклікаючы РФ паважаць тэрытарыяльную цэльнасць Украіны. "Ці не было гэтага дастаткова, каб зразумець, што словы нічога не значаць для Крамля?" — пытаецца Елісееў у еўрапейскіх партнёраў.