"Украінцы ў бары, мабыць, нешта падсыпалі", — забойца беларускі Лізы на судзе
Арыштаваны Дарыян С.
Дарыян С., якога судзяць за згвалтаванне і гібель беларускі Лізы ў Варшаве, у сваіх паказаннях ускладае віну на невядомых украінцаў, якія нешта падсыпалі яму ў алкаголь.
Дзяўчыну знайшлі аголенай у цэнтры Варшавы 25 лютага. Яна была згвалтаваная і абрабаваная. Выратаваць жыццё беларусцы медыкі не змаглі: праз некалькі дзён яна памерла. Дарыяна С. затрымалі праз некалькі гадзін пасля нападу. У яго знайшлі нож, якім ён пагражаў дзяўчыне, ды іншыя доказы злачынства.
Суд над Дарыянам пачаўся 4 снежня. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне.
Суддзя зачытаў паказанні, якія абвінавачаны даў у лютым, адразу пасля трагічнай смерці Лізы. Малады чалавек казаў, што ў той вечар выпіваў у бары ў цэнтры Варшавы. "Я быў з двума ўкраінцамі, з якімі пазнаёміўся ў гэты дзень. Выйшаўшы з бара, я адчуў сябе дзіўна. Я не магу гэта апісаць, але я быў у нейкім вар'яцтве", — прыводзіць яго словы тг-канал "Варшава Лайф".
Паводле Дарыяна, пабачыўшы Лізу, ён нацягнуў балаклаву і запатрабаваў ад яе грошай, пагражаючы нажом. Таксама ён забраў у дзяўчыны мабільнік.
"Яна сказала, што дасць мне грошай, калі я вярну ёй тэлефон. Але праз нейкі час яна захацела патэлефанаваць у паліцыю. Я пачаў душыць яе рукамі, а затым рамянём. Я зацягнуў рэмень на яе шыі. Праз нейкі час я зняў яго і распрануў яе. Потым я яе згвалтаваў", — расказаў хлопец. Пасля згвалтавання ён пакінуў Лізу на зямлі.
Віну за свае дзеянні ён ускладае на ўкраінцаў, з якімі выпіваў: "Я не ведаю, чаму я гэта зрабіў. Мяркую, тыя ўкраінцы ў бары, мабыць, мне нешта падсыпалі, таму што звычайна я б ніколі не зрабіў нічога падобнага", — заявіў Дарыян.
Ён дадаў, што балаклаву і нож узяў з сабой, каб абрабаваць краму, бо ў яго не было грошай на арэнду. Ён заявіў, што не хацеў забіваць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.