Даруй, Ліза. Сотні чалавек у Варшаве закрычалі замест забітай беларускі

"Даруй, Ліза"

"Даруй, Ліза" / Euroradio

У цэнтры Варшавы сотні чалавек крычалі — замест згвалтаванай і да смерці закатаванай беларускі Лізы, і пра яе. Замест хвіліны маўчання — хвіліна крыку.

Беларусы і беларускі, украінцы і ўкраінкі, палякі і полькі прыйшлі на марш памяці "Яе звалі Ліза". Дваццаціпяцігадовую дзяўчыну згвалтавалі і збілі раніцай у самым цэнтры горада. Ліза памерла.

"Памерла ў цішыні, бо не магла крычаць, таму сёння мы будзем крычаць за яе", — абяцае адна з арганізатарак акцыі Наста Базар.

Калі б хоць хтосьці закрычаў на гэтым жа месцы, пад гэтымі ж вокнамі два тыдні таму, Ліза была б жывая.

Хвіліна крыку для Лізы

Аня. Акцыя праходзіць на месцы злачынства — каля дома нумар сорак сем на вуліцы Журавя.

Настолькі ў цэнтры, — не верыць мой калега Дзяніс, калі мы падыходзім да месца.

Усе, хто жыве ў Варшаве, шмат разоў праходзілі тут, можа нават ішлі паўз тую самую арку дома, дзе Лізу знайшлі без прытомнасці. І ўсё роўна ты не можаш паверыць, што трагедыя можа здарыцца "настолькі ў цэнтры".

Мы стаім не ў спальным раёне, не сярод закінутых будынкаў, дзе ты звычайна адчуваеш небяспеку. Але не, мы стаім літаральна ў цэнтры Варшавы, — кажа мне Марыя Грыц. У яе руках — букет чырвоных руж для Лізы.

У Машынай дачкі нядаўна з'явіўся дзіцячы наборчык для самаабароны. Ёй пяць гадоў.

Са мной здарылася падобная гісторыя. І я ведаю, што гэта можа здарыцца з маімі сябрамі, — расказвае мне варшавянка Амелія.

Прости, Лиза. Сотни человек в Варшаве закричали вместо убитой белоруски
Акцыя "Яе звалі Ліза" / Euroradio

Валерый Кавалеўскі жыве на гэтай самай вуліцы, недалёка ад месца, дзе Лізу знайшлі без прытомнасці. Ён дагэтуль разважае, што можна было б зрабіць, каб трагедыі не адбылося.

Бо мы ведаем, што ёсць людзі, якія бачылі — нешта адбываецца. Але не падышлі.
 

Дзяніс. Але сёння на Журавя шматлюдна. За некалькі хвілін да пачатку акцыі памяці Лізы на вуліцы ўжо сабралася вельмі шмат неабыякавых жыхароў Варшавы. Мужчыны і жанчыны, дарослыя і дзеці, мамы з каляскамі, маладыя парачкі, пенсіянеры.

Адзін з іх, Якуб — каларытны польскі мужчына гадоў 75-ці. На грудзях — значок "Салідарнасці" і ўкраінскі сцяжок у форме сэрца, за спіной — велізарны жыццёвы вопыт.

Я не ведаю, як гэта можна спыніць, бо такая людская натура. Заўсёды былі войны, заўсёды быў гвалт. Хачу, каб улада пачула, што ў грамадстве ёсць такая праблема і яе трэба неяк вырашаць. А такія акцыі — добры спосаб гэта паказаць. Я прыйшоў сюды, бо мне не ўсё роўна.

Не ўсё роўна ў гэты вечар было ўсім прысутным.

"Гэта магла быць мая дачка" — напісана на плакаце ў мужчыны, які трымае за ручку маленькую дзяўчынку. Падыходзіць да яго я не стаў — да яго было проста не дабрацца. Занадта цесна было ў гэты вечар у Варшаве на вуліцы Журавя.

Марш па вуліцах Варшавы

Аня. — Jestem na wiecu ku pamięci Lizy ("Я на акцыі ў памяць пра Лізу"), — кажа па тэлефоне пажылая полька. У мікрафон кажуць: "Przepraszam mnie, Liza" ("Даруй мне, Ліза").

Сотні чалавек, якія не ведалі пра Лізу нічога — толькі ўзрост і нацыянальнасць — цяпер кажуць пра яе, як пра кагосьці вельмі блізкага.

Я заўсёды адчувала сябе ў бяспецы ў Варшаве — але больш не адчуваю, — дзеліцца са мной варшавянка Вікторыя.

Яе гэтая трагедыя беларускі ўзрушыла. А сяброўку Амелію — раззлавала.

Я думаю, калі здараецца такое, краіна павінна неяк адрэагаваць. Больш паліцыі на вуліцах? Большы нагляд? Я адчуваю, што гвалт у адносінах да жанчын — гэта сістэмная праблема. І людзі, якія прыходзяць сюды, дэманструюць не толькі сваю падтрымку, але і тое, што гэта праблема, якую мусіць вырашаць усё грамадства.
 

Дзяніс. Беларуска Саша ўцірае слёзы з вачэй, не можа паверыць, што падобныя згвалтаванні і забойствы рэгулярна адбываюцца ў вялікіх цывілізаваных гарадах.

Памёр чалавек, і ён быў далёка не адзіны, з кім гэта адбылося, а адбываецца гэта на вачах маўклівай прысутнасці абыякавых людзей. А я не хачу, каб так было, таму я сёння тут. Гэта ў тым ліку і мая будучыня, таму што я таксама жанчына, і калі не ўдзельнічаць у гэтым працэсе, калісьці гэта можа здарыцца і са мной.

Яшчэ адна дзяўчына, якая стаіць побач, дадае: "Цалкам з вамі згодная, бо грамадства — гэта частка дзяржавы, а дзяржава — частка грамадства. Каб гэта змяніць і выкараніць, патрэбныя комплексныя меры з боку ўладаў і ўдзел кожнага чалавека ў гэтым працэсе. Уключацца трэба ўсім".

Абедзве дзяўчыны сышліся ў меркаванні, што такія праблемы ёсць ва ўсіх краінах свету, проста недзе гэтаму надаецца больш увагі, а недзе менш.

Прости, Лиза. Сотни человек в Варшаве закричали вместо убитой белоруски
Беларусы супраць гвалту, 2020 год / Euroradio

Дзяніс. Асноўная калона рушыла наперад. У яе хвасце заўважаю былога беларускага дыпламата Паўла Слюнькіна. Два дні таму ён напісаў у сябе ў Фэйсбуку пра тое, наколькі можа быць небяспечны і жорсткі свет у адносінах да жанчын. Нават цяпер, у 21 стагоддзі.

"Мужчынам не страшна хадзіць ноччу па горадзе", "Да мяне не будуць чапляцца ў кавярнях, барах нецікавыя мне жанчыны", "На рабочай нарадзе мая начальніца не дадумаецца пажартаваць наконт майго азадка", "І спадзяюся ўбачыць вас [мужчын] у Варшаве 6 сакавіка на маршы памяці дзяўчыны, якую звалі Ліза, і якая проста ішла дадому, а яе згвалцілі і кінулі паміраць", — пісаў Павел у сябе на старонцы.

Падбягаю, прашу даць невялікі каментар, а ён адказвае: "Я прашу прабачэння, але сёння лепш даць голас жанчынам".

Аня кажа, гэта быў найлепшы каментар.

 

Аня. — Я нават цяпер не змагла закрычаць, — кажа мая сяброўка пасля акцыі. — І страшна ад таго, што ў небяспечны момант ты можаш проста не здолець закрычаць.

Ліза таксама не змагла закрычаць. Толькі здаецца, што закрычаць проста — таму так важныя галасы тых, хто побач. І галасы мужчын — таксама важныя.

Разам з Амеліяй на акцыю прыйшоў бацька. І ў тым ліку таму Амелія думае, што з польскім грамадствам усё будзе добра, раз нават старэйшае пакаленне прымае праблему і гатовае ўключацца ў яе рашэнне.

Максім Паршута таксама днямі апублікаваў пост у падтрымку жанчын у Фэйсбуку. Ён лічыць, што мужчыны павінны быць на такіх акцыях, каб паказваць:

Адэкватныя мужчыны таксама ёсць. А злых феміністак, якія хочуць вешаць мужчын на слупах, няма. Гэта міф. Я чытаў гісторыі па хэштэгу #хопіцьгвалціць. І мне было страшна ад разумення, што гвалт бліжэй, чым здаецца. Яго здзяйсняюць не толькі маньякі, не толькі вар'яты. Яго часта здзяйсняюць знаёмыя, блізкія, сябры, партнёры.

Мужчынам, чытаючы каментары жанчын у сацсетках, трэба правесці рэфлексію і прыняць, што рэальнасць, у якой ты жывеш, адрозніваецца ад рэальнасці большасці знаёмых табе жанчын.

 

Дзяніс. Забойства Лізы выклікала шок не толькі ў польскага грамадства, але і ў людзей унутры Беларусі.

Калі ўсё здарылася, мне напісалі шмат знаёмых дзяўчат, былыя аднакласніцы, аднагрупніцы. Яны раздражняліся, злаваліся, мацюкаліся. Мінімум палова з іх таксама некалі сутыкалася з праявамі сексуалізаванага гвалту з боку мужчын.

Адну дзяўчыну прасілі глядзець, пакуль на яе будуць мастурбаваць прама на вуліцы, аб іншую церліся ў аўтобусе, а трэцюю уласны ж малады чалавек пастаянна прымушаў займацца сексам.

"Прыкінь, а той чувак тады на Грушаўцы, мог і мне таксама да горла прыставіць".

Маім знаёмым пашанцавала больш. Уцякла, выйшла з аўтобуса, урэшце закрычала... Але маштаб проста мяне агаломшвае. А колькі такіх гісторый мы не ведаем?

Акцыя ў Варшаве

Аня. Вуліца Журавя ў цэнтры Варшавы перастала быць бяспечнай раніцай 25 лютага. Узгадваю, колькі разоў хадзіла па ёй за два гады жыцця тут — зазвычай, увечары. Але на вуліцах — варшаўскіх, любых іншых — больш не "як звычайна". Мы гуглім, дзе купіць балончык.

Прыслухоўваюся да выступленняў удзельніц акцыі. Яны кажуць:

Кожная з нас павінна адчуваць сябе ў бяспецы, незалежна ад таго, дзе яна нарадзілася і як скончыўся яе вечар.

Усё пачынаецца з [сексісцкіх] жартаў.

Калі вы дазваляеце дыскрымінацыі і сексізму быць побач, вы дазваляеце гвалт.

Валерый Кавалеўскі кажа: "Я разумею, што сітуацыі гвалту, прымусу, непавагі, шавінізму адбываюцца паўсюдна".

Павел Слюнькін кажа: "Сёння павінны выказвацца жанчыны, а не я".

Вікторыя кажа: "Ведаеш, звычайна ў цёмны час сутак у цэнтры Варшавы я не адчуваю сябе ў бяспецы. Але тут, у асяроддзі ўсіх гэтых мужчын і жанчын — тут і цяпер бяспечна".

На маршы было некалькі тысяч чалавек. То-бок шмат? Але гэтага дастаткова толькі для таго, каб зрабіць бяспечнай ўсяго адну вуліцу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі