Украінскія футбольныя фаны: Частку нашых вывезлі ў Гомель і там адлупцавалі
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці затрымання ўкраінскіх ультрас пасля матчу на “Барысаў-Арэне”.
Прадстаўнік ультрас “Дынама-Кіеў” Віталь распавёў Football.ua аб тым, як і за што затрымлівалі фанатаў у Беларусі. Паводле яго словаў, усіх хлопцаў сапраўды адпусцілі: прынамсі, украінскі консул аб’ехаў усе мінскія пастарункі і не знайшоў там нікога з украінскіх заўзятараў.
Таксама Віталь распавёў, што некаторых фанатаў затрымалі яшчэ на мяжы, пры ўездзе ў Беларусь: прычынай сталі ўкраінскія патрыятычныя стыкеры, якія знайшліся, напрыклад, у журналіста Аляксандра Зазулі.
Група фанатаў была затрыманая пасля гульні зборных Беларусі і Украіны. Фармальнай прэтэнзіяй была “нецэнзурная лексіка”, але ж футбольны заўзятар лічыць, што рэальнай прычынай была тая атмасфера, якую ўкраінцы стваралі на стадыёне.
Віталь таксама заяўляе пра факт перавышэнне службовых паўнамоцтваў з боку беларускіх міліцыянтаў: “Частку нашых хлопцаў, шэсць чалавек якіх “бралі” ў Мінску, потым перадалі ў Гомель, дзе мясцовая міліцыя таксама вырашыла праявіць стараннасць і са словамі “Тут вам не сталіца, а калгас” вывезлі ў поле і адперылі. Прычым, там былі ў асноўным маладыя хлопцы, самы старэйшы — 22 гады. З іншага боку, з тымі хлопцамі (12 чалавек), якіх прымалі ў Барысаве, абыходзіліся ветліва”.