Улады ЗША правераць, ці трапляе "Беларуськалій" пад іх санкцыі
Праверку ініцыявалі сенатары ад штата Нью-Мексіка, дзе вырабляецца 75% амерыканскіх калійных угнаенняў.
Два сенатары звярнуліся да ўладаў ЗША з просьбай праверыць, ці трапляюць пастаўкі ААТ "Беларуськалій" пад гандлёвыя санкцыі, уведзеныя супраць шэрагу беларускіх кампаній у 2007 годзе. Пра гэта перадае interfax.by са спасылкай на The Wall Street Journal.
Сенатары Том Удал і Марцін Хейнрых прадстаўляюць штат Нью-Мексіка, дзе вырабляецца 75% амерыканскіх калійных угнаенняў. Яны падазраюць, што "Беларуськалій" абышоў гандлёвыя абмежаванні, калі адлучыўся ад канцэрна "Белнафтахім", уключанага ў санкцыйны спіс.
Прадстаўнік ААТ "Беларуская калійная кампанія", якая вядзе пастаўкі прадукцыі "Беларуськалія" на амерыканскі рынак, звязвае ліст сенатараў з лабісцкімі намаганнямі амерыканскіх вытворцаў.
На сёння "Беларуськалій" — самы буйны ў свеце вытворца калійных угнаенняў. Яго магутнасці складаюць 12,6 млн тон у год.
Фота — e-gorod.by