Усаў: Ціханоўская павінна сказаць, што Расія — злачынная дзяржава

Усаў: Ціханоўская павінна сказаць, што Расія — злачынная дзяржава

Значнай частцы беларусаў важна, каб Святлана Ціханоўская сказала, што будучыня Беларусі не звязаная з рэжымам Пуціна, а таксама што сама Ціханоўская думае пра гэты рэжым, упэўнены палітолаг Павел Усаў.

У стрыме Еўрарадыё эксперт расказаў, як дэмакратычным сілам трэба было б рэагаваць на вайну ва Украіне і калі ў Беларусі адбудуцца перамены. Сабралі самае цікавае з трансляцыі.

Відавочна, што вайну штаб Ціханоўскай не падтрымлівае, але і выразных заяў пра Пуціна і Расію не было.

Трэба ясна і дакладна заявіць пра тое, што Расія з’яўляецца злачынная дзяржавай. І што з такой Расіяй Беларусь не можа мець ніякіх дачыненняў. Варта ўжо зараз задэклараваць, што беларускае грамадства, будучыя палітычныя лідары Беларусі, будуць імкнуцца да таго, каб выйсці з усіх саюзаў з Расіяй.

На ўзроўні дэкларацый павінна прагучаць, што будучыня Беларусі — гэта агульнаеўрапейская сям’я. Гэта абсалютна нармальныя, актыўныя адносіны з еўрапейскімі краінамі і перш за ўсё з Украінай, — кажа Павел Усаў.

Разам з тым зрабіць гэта немагчыма, пакуль у Расіі існуе дзейны рэжым. Але, калі Украіна пераможа ў вайне, будучыня Беларусі, хутчэй за ўсё, на Захадзе, лічыць суразмоўца.

Якой будзе будучыня Беларусі — складанае пытанне. Вайну, якая адбываецца ва Украіне, можна скончыць выключна перамогай усяго цывілізаванага свету і Украіны над расійскім рэжымам. І гэта перамога павінна быць рэалізавана ў палітычнай трансфармацыі Расійская Федэрацыі. Бо калі расійскі рэжым застанецца такім, які ён ёсць сёння, гэта будзе азначаць, што пагроза не толькі для суседзяў, але і для ўсяго свету будзе існаваць заўсёды. Беларусь у гэтым кантэксце прывязаная.

Як толькі адбудуцца змены ў Расіі, незалежна ад таго, што будзе дэклараваць ці чаго не будзе дэклараваць Ціханоўская, Беларусь будзе рухацца менавіта ў бок цывілізаванага свету. Бо патрэбы пераважнай большасці беларускага грамадства на Захадзе. Не ў Расіі, бо людзі, якія могуць разважаць, зразумелі, чым з’яўляецца расійскі свет.

Эксперт падкрэслівае, што не важна, што ўсе могуць разумець, што адбываецца ва Украіне. Важна, каб лідар ці асоба, якая заве сябе лідарам Беларусі, дазволіла беларусам пабачыць яе ўласнае стаўленне да Пуціна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі