Усіх багацеяў свету можна было б пасяліць у Нарачы — #ІхНоравы
Тэйлар Свіфт наспявала на спіс Forbes
Нягледзячы на вайсковыя канфлікты, эканамічныя крызісы і іншую турбулентнасць, свет становіцца лепшым. У сейсманебяспечных рэгіёнах вучацца будаваць гнуткія дамы. Мільярдэраў робіцца больш, а зарабляюць яны на прыгожых таварах, тэхналогіях і нават песнях. А некаторыя грамадствы прызнаюць памылкі мінулага і выбачаюцца за жорсткасць і рэпрэссіі.
Чытайце пра гэта ў нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навінаў.
Тэйлар Свіфт наспявала на мільярд долараў
34-гадовая амерыканская спявачка Тэйлар Свіфт упершыню трапіла ў спіс Forbes. Яе багацце ацанілі ў 1,1 міліярда долараў. Свіфт наспявала іх за сусветны тур, а таксама зарабіла на фільме-канцэрце па гэтым туры, які паказаў рэкордныя сборы.
Таксама ўпершыню ў спіс патрапіў Сэм Альтман, стваральнік чат-бота са штучным інтэлектам ChatGPT.
Спіс мільярдэраў узначальвае Бернар Арно і яго сям’я, уладальнікі кампаніі па вытворчасці прадметаў раскошы кшталту Louis Vuitton, Givenchy, Tiffany і іншых люксавых брэндаў. Другое месца — у Ілана Маска, уладальніка Tesla і X, раней Twitter. На трэцім месцы яшчэ адзін заўсёднік спісу, уладальнік Amazon Джэф Безас.
Бразілія на каленях выбачаецца перад абарыгенамі за дыктатуру
Тэма пераследу і катаванняў карэннага насельніцтва ў бразільскім грамадстве ўпершыню падымаецца на такім высокім узроўні. Дзяржава стварыла камісію па амністыі пры Міністэрстве правоў чалавека, якая расследуе злачынствы рэжыму 1964-1985 гадоў. Гэта быў перыяд ваеннай дыктатуры.
Днямі старшыня камісіі, прафесар права Энеа дэ Штуц і Алмейда, апусцілася на калені перад лідарам бразільскіх абарыгенаў Джанірай Крэнак, просячы прабачэння за гвалт.
“Ад імя бразільскай дзяржавы я хачу папрасіць даравання за ўсе пакуты, ад якіх пацярпеў ваш народ. Я прашу прабачэння і за ўвесь той пераслед, які ваш народ, як і ўсе іншыя карэнныя жыхары, зазнаў за апошнія 524 гады праз уварванне некарэннага насельніцтва на гэтую зямлю, якая вам належыць”, — сказала Алмейда.
Гаворка вядзецца пра канкрэтныя выпадкі. Яны звязаныя з дзвюма групамі розных карэнных народаў, якіх выгналі са сваіх зямель каланізатары, а падчас дыктатуры яны трапілі пад жорсткі пераслед — аж да адсялення ў канцэнтрацыйныя (“рэабілітацыйныя”, як яны называліся) лагеры для перавыхавання. Бо інакш дзяржава іх лічыла “непрыдатнымі для жыцця ў Бразіліі”.
Тайвань перажыў наймацнейшы за 25 гадоў землятрус без вялікіх ахвяраў
І гэта сапраўды цуд. Раней землятрус магнітудай 7,7 забраў жыцці больш чым дзвюх тысяч чалавек. Цяперашнія падземныя штуршкі дасягнулі 7,4 балаў, але краіна страціла толькі 9 чалавек. Яшчэ каля 700 пацярпелі. “Толькі” — недарэчнае слова, калі гаворка вядзецца пра чалавечыя жыцці, але нельга не прызнаць, што пры такіх разбурэннях усё ж атрымалася пазбегнуць масавых ахвяраў.
А справа ў тым, што востраў Тайвань знаходзіцца ля сутыку тэктанічных пліт, і землятрусы для іх — звычайная з’ява. Большасць із іх незаўважная, але здараюцца і трагедыі — вось як у 1999 годзе.
Пасля землятрусу 25-гадовай даўніны Тайвань пераглядзеў будаўнічыя нормы і некаторыя законы. А ў гадавіну трагедыі, 21 верасня, па ўсёй краіне праводзяцца вучэнні па эвакуацыі, апавяшчэнні насельніцтва і гэтак далей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.