Усё далей ад "па 1000". За лістапад сярэдні заробак у Беларусі ўпаў на 4,1 рубля
Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў у Беларусі ў лістападзе 2017 года склаў 836,9 рубля, паведамляе Белстат. Гэта на 4,1 рубля менш, чым было ў кастрычніку, калі сярэдні заробак склаў 841 рубель.
Можна канстатаваць, што ўлады адмовіліся ад мэты, якую цягам 2017 года некалькі разоў агучваў Аляксандр Лукашэнка — давесці сярэдні заробак па Беларусі да 1000 рублёў. Гэты папулісцкі захад выклікаў крытыку з боку экспертаў, якія ўказвалі, што штучны рост заробкаў — гэта самы просты шлях да паўтарэння валютнага крызіса 2011 года.
З пачатку 2017 года сярэдні заробак у Беларусі вырас на 35,3 рубля (4,4%) пры інфляцыі ў 4,4%.
Цікава, што ў лістападзе 2016 года сярэдні заробак таксама падаў. Але ў снежні прадэманстраваў рост адразу на 84 рублі. Што праўда, нават калі сітуацыя паўторыцца сёлета, сярэдні заробак не дацягне да 1000 рублёў, абяцаных Лукашэнкам.