Ва Украіне арыштаваныя вагоны з мінеральнымі ўгнаеннямі з Беларусі на $20 млн
Ва Украіне ў Мікалаеўскай вобласці арыштаваныя 188 вагонаў з мінеральнымі ўгнаеннямі з Беларусі. Як паведамляе ўкраінскае Дзяржаўнае бюро расследаванняў, 77 тысяч тон грузу знайшлі на тэрыторыі порта, яны належалі беларускай холдынгавай кампаніі. Кошт угнаенняў разам з вагонамі складае 20 мільёнаў долараў. Адзначаецца, што 65 тысяч тон мінеральных угнаенняў ужо паспелі загрузіць на ўкраінскія судны для адпраўкі за мяжу. Як вядома, Расія заблакавала марскія шляхі ў Чорным моры, з-за чаго адпраўка затрымалася, а ўкраінскія сілавікі звярнулі ўвагу на груз з "краіны-агрэсара".
Праводзіцца расследаванне дзеянняў мікалаеўскіх мытнікаў, якія "спрыялі незаконнаму перамяшчэнню санкцыйных тавараў праз мытны кантроль".
Ва Украіне якраз прапануюць канфіскаваць маёмасць беларускіх кампаній. Пасля пачатку расійскай агрэсіі Украіна арыштавала маёмасць Беларусі і Расіі на 1 мільярд долараў. У Мінску пачалі пагражаць, што адкажуць "сіметрычна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.