Ва Украіне разбіўся знішчальнік F-16, лётчык загінуў
F-16 ва Украіне
Ва Украіне разбіўся знішчальнік F-16. Крушэнне адбылося падчас масіраванай расійскай паветранай атакі 26 жніўня. Самалёт не быў збіты варожым агнём. Папярэдняя прычына здарэння — памылка пілота, паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на неназванага амерыканскага чыноўніка. Увечары 29 жніўня пра катастрофу F-16 і гібель пілота паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны. Адзначаецца, што самалёт выкарыстоўваўся для адбіцця расійскага ракетнага ўдару. Прычыны аварыі высвятляе спецкамісія Мінабароны.
Гэта першая страта F-16, пастаўленых ва Украіну заходнімі краінамі. Першыя самалёты Кіеў атрымаў у канцы ліпеня. Мяркуецца, што іх магло быць шэсць (як і пілотаў, навучаных на Захадзе імі кіраваць).
Напярэдадні мэр Луцка паведаміў у сацсетках, што 26 жніўня падчас баявога задання загінуў яго зямляк, лётчык, падпалкоўнік 30-гадовы Аляксей Месь. Пазней гэтая згадка знікла.
У паветраным камандаванні "Захад" пацвердзілі гібель лётчыка Меся. 26 жніўня ён знішчыў 3 крылатыя ракеты і 1 ударны беспілотнік. Загадам галоўнакамандуючага УСУ яму пасмяротна прысвоена званне палкоўніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.