Ва Украіне заклікаюць даць званне Героя Украіны беларусу Эдуарду Лобаву

Эдуард Лобаў / t.me/belwarriors
Эдуард Лобаў / t.me/belwarriors

Ва Украіне заклікаюць даць званне Героя Украіны загінуламу беларусу Эдуарду Лобаву. Ініцыятарам стаў яго камандзір Іван Завяршынскі. Ён стварыў адпаведную петыцыю на сайце прэзідэнта Украіны.

Лобаў служыў у 72-й асобнай механізаванай брыгадзе Узброеных сіл Украіны. 26 студзеня ён загінуў пад Вуглядарам. Завяршынскі піша, што гэта была геройская смерць.

"У сваім апошнім баі Эдуард Лобаў сваімі дзеяннямі выратаваў маё жыццё, — піша Іван Завяршынскі. — Расіяне высадзілі дэсант недалёка ад нашых пазіцый. Эдуард выйшаў з акопа і спакойна адзінкавымі стрэламі з аўтамата расстраляў усіх ворагаў. Менавіта гэтыя дзеянні дазволілі эвакуяваць мяне з поля бою. Смяротнае раненне Эдуард Лобаў атрымаў ад трапляння асколка танкавага снарада, калі страляў па варожым танку з Javelin. Гэта быў блізкі бой і экстранна эвакуяваць Эдуарда з поля бою не было магчымасці".

Лобаву было 34 гады. Ён — былы сустаршыня "Маладога фронту". У войску служыў у Віцебску ў паветрана-дэсантнай брыгадзе. Быў у зняволенні ў Беларусі ў 2010-2014 гадах, прызнаваўся палітвязнем. З лета 2015-га ваяваў за Украіну, быў у складзе Тактычнай групы "Беларусь". Ваяваў Лобаў супраць расійскіх акупантаў і пасля 24 лютага 2022-га, удзельнічаў у абароне Кіева, Чарнігава, Бахмута, Вуглядара, меў узнагароды.

У красавіку 2022-га быў пасмяротна ўзнагароджаны зоркай Героя Украіны баец Сіл спецыяльных аперацый беларус Аляксей Скобля (пазыўны "Тур").

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі