Ва ўкраінскія СМІ трапіў "расстрэльны" спіс з прозвішчамі журналістаў і блогераў
Ва ўкраінскія СМІ трапіў "расстрэльны" спіс з прозвішчамі 47 журналістаў і блогераў. Па версіі СБУ, гэтым людзям пагражала смерць ад рук кілера. Спіс з'явіўся на сайце strana.ua, які спасылаецца на свае неназваныя крыніцы.
Пра спіс стала вядома нядаўна, пасля інсцэніроўкі забойства ў Кіеве расійскага журналіста Аркадзя Бабчанкі. СБУ аб'явіла пра праведзеную спецаперацыю і затрыманне выканаўчага дырэктара сумеснага ўкраінска-нямецкага прадпрыемства "Шмайсер" Барыса Германа, як арганізатара замаху. Герман, у сваю чаргу, у судзе заявіў, што супрацоўнічаў з украінскай контразведкай і перадаў ёй "расстрэльны" спіс (атрыманы з Масквы ад Вячаслава Піваварніка), што аднак не было пацверджана. У далейшым украінскія спецслужбы знаёмілі з матэрыяламі скандальнай справы фігурантаў згаданага спісу. Цяпер жа, хоць і неафіцыйна, сталі вядомыя ўсе асобы, якія трапілі ў яго (гэта ўкраінскія і былыя расійскія журналісты ды блогеры). У ім, дарэчы, няма Бабчанкі.
Як інфармуе УНІАН, для некаторых фігурантаў спісу яго публікацыя стала нечаканасцю. Рэакцыя аднак гэтых людзей самая розная. Некаторыя нават лічаць, што спіс фэйкавы.