Вадзім Жук: “Шахцёр” забіў гол БАТЭ па правілах (відэа+раскадроўка)

Барысаўскі БАТЭ нечакана няўдала стартаваў у сёлетняй Лізе чэмпіёнаў. Беларусы прайгралі карагандзінскаму “Шахцёру” 0:1. Адзіны гол на 48-й хвіліне забіў Хіжнічэнка. Гэты момант выклікаў неадназначную рэакцыю футбольных экспертаў. Ці насамрэч казахскі футбаліст быў у становішчы “па-за гульнёй”?

“Мы глядзелі стужку не тэлевізійную, а з БАТЭ — гол забіты правільна! — тлумачыць Еўрарадыё вядомы беларускі арбітр Вадзім Жук. — Калі была перадача, адзін гулец каманды, які забіваў, быў у правільным палажэнні — яго перакрывалі два абаронцы каманды БАТЭ. А яшчэ адзін нападнік знаходзіўся за лініяй афсайду, але актыўнага ўдзелу ў гульні не прымаў. То бок, ён проста знаходзіўся, калі па-старому казаць, у пасіўным палажэнні. А забіў гол той гулец, які быў у правільным палажэнні. Гулец, які знаходзіўся за лініяй афсайду, ніякага ўплыву на гэтую сітуацыю не аказваў. Таму гол забіты абсалютна верна”.

Няхайчык выбівае мяч ад нашых варот, казахскі футбаліст ставіць блок Юрэвічу. Праз долі секунды будзе аддадзена галявая перадача. Філіпенка і яшчэ адзін абаронца БАТЭ выбягаюць з варатарскай зоны. Хіжнічэнка стаіць на месцы.

Сотыя секунды да перадачы.

Момант перадачы.

Цягам матча БАТЭ валодаў ініцыятывай і шмат атакаваў. Па ўдарах беларусы наперадзе 12:6, па ўдарах у створ варот — 6:3. Але забіць барысаўскія футбалісты не здолелі. Больш за тое: за дзве хвіліны да канца гульні Віталь Радзівонаў атрымаў жоўтую картку за сімуляцыю.

"Мы нічога не зрабілі, каб паставіць суперніка ў тупік. Дзейнічалі вельмі проста, — каментуе вынік матча галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка. — Але ў нас ёсць яшчэ гульня ў адказ, хаця стратэгічная перавага цяпер на баку "Шахцёра".

Нагадаем, у наступны круг кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў выйдзе каманда, якая пераможа па суме двух матчаў. Наступная гульня пройдзе ў Карагандзе 23 ліпеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі