Варанецкі: Курапаты ― сакральнае месца, там мусіць быць мемарыял, а не рэстаран
Тыя, хто прымаў рашэнне і даваў дазвол на будаўніцтва ва ўрочышчы Курапаты рэстарана “Паедзем паядзім”, павінны былі ўлічваць сакральнасць гэтага месца для беларусаў. Але цяпер неабходна шукаць варыянты для паразумення, кажа ў каментарыі Еўрарадыё дэпутат, старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі.
“Гэта месца для беларусаў, для нашай краіны мае значнае сакральнае значэнне. Варта было прадбачыць, што будзе тая рэакцыя, якую мы сёння назіраем. Адпаведна, памылкі былі зробленыя на тым этапе. А сёння трэба знаходзіць шляхі вырашэння ― нельга ператвараць сітуацыю ў нейкае супрацьстаянне. Трэба размаўляць і выходзіць на нейкі кансэнсус, на паразуменне. Можа, на тым месцы будзе нейкі музейны комплекс. Гэта хай зацікаўленыя бакі вырашаюць: ёсць Мінгарвыканкам, ёсць уласнікі”.
Па словах дэпутата, улада не павінна дыстанцыявацца ад пытання супрацьстаяння ў Курапатах, а далучыцца да вырашэння праблемы рашуча, каб нарэшце было знойдзенае рашэнне, якое задаволіць усіх.
Нагадаем, у Курапатах, лясным масіве пад Мінскам, карнікі НКВД у перыяд з 1937 па 1941 год расстралялі паводле розных падлікаў ад 30 да 250 тысяч чалавек. Будаўніцтва забаўляльнага комплексу пад назвай “Бульбаш-хол” пачалося ў ахоўнай зоне Курапат у 2010 годзе. У 2013-м ахоўную зону звузілі, і цяпер рэстаран у яе межы не трапляе.