"Венскі баль з А1 у Купалаўскім" сумясцілі з прэзідэнцкім
Арганізатары адмянілі першы "Венскі баль з А1 у Купалаўскім", прызначаны на 14 снежня. Арганізатары прынялі запрашэнне кіраўніка Беларусі стаць часткай прэзідэнцкага балю ў Палацы Незалежнасці 27 снежня.
Прэс-сакратар кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў так патлумачыў змены тэлеканалу "Белсат": "Наш баль атрымаў апгрэйд і выйшаў на іншы ўзровень. Але людзі могуць па-рознаму ўспрымаць змены. Мы разумеем гэта. Увогуле новы фармат мерапрыемства прадугледжвае шмат арганізацыйных момантаў, якімі мы займаемся. Мы абмяркоўваем розныя варыянты развіцця падзеяў. Праінфармавалі грамадства пра адмену "Венскага балю", што меўся быць 14 снежня. Што да прысутнасці А1 на балі ў Палацы рэспублікі, то гэта цяпер абмяркоўваецца".
Як вядома, кампанія А1 — гэта аўстрыйскі бізнэс. Між тым, Аляксандр Лукашэнка нядаўна наведаў з афіцыйным візітам. Як заўжды, беларускі кіраўнік гаварыў найперш аб развіцці эканамічнага супрацоўніцтва. Не выключана, што сумяшчэнне "Венскага балю з А1" і прэзідэнцкага балю стала вынікам гэтага візіту беларускага кіраўніка.
Пра падрыхтоўку "Венскага балю з А1" Купалаўскі тэатр паведаміў на пачатку кастрычніка. Тады ж быў абвешчаны набор дэбютантаў — маладых хлопцаў і дзяўчат, якія маглі б танчыць і нязмушана падтрымліваць размову з гасцямі. Гэтыя дэбютанты змогуць выступіць перад гасцямі ў Палацы Незалежнасці. А вось звычайныя людзі, якія куплялі квіткі і рыхтаваліся да "Венскага балю з А1 у Купалаўскім", на мерапрыемства не патрапяць.
Дарэчы, адзін квіток на баль каштаваў 250 рублёў. Аднак гэта не ўсе выдаткі на мерапрыемства. У гутарцы з журналістамі мінская піяр-спецыялістка Ганна Мірочнік адзначыла, што яе знаёмыя набывалі сабе новыя сукенкі, сама яна хадзіла на заняткі па танцах, каб узгадаць вальс.
"Заява, што гэта новы ўзровень, адсутнасць прабачэнняў за нязручнасці і дыскамфорт — гэта проста хамства. У Беларусі ніколі не было добрага сэрвісу, але ў гэтым выпадку ў мяне проста адняло мову", — абураецца Ганна Мірочнік.
У Купалаўскім тэатры паведамілі, што грошы за квіткі на "Венскі баль" можна вярнуць да 20 снежня. Пры здачы квіткоў гледачы атрымаюць па два запрашальнікі на прэм'еру спектакля "Кароль Лір", пішуць "Мінск-Навіны". Эксклюзіўны паказ пройдзе 18 лютага 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.