Ветэран дае Лукашэнку тыдзень на выкананне свайго абяцання

Адмяніць транспартны падатак могуць для ветэранаў Другой сусветнай вайны паабяцаў Аляксандр Лукашэнка ветэрану вайны Феліксу Шкірманкову. Абяцанне гэтае кіраўнік краіны даў 26 красавіка падчас візіту ў горад Слаўгарад Магілёўскай вобласці.

Вечарам 8 траўня, распавядае Еўрарадыё ветэран, пра адмену транспартнага падатку для ветэранаў да Дня Перамогі ён так нічога і не пачуў.

Фелікс Шкірманкоў: “Пачакаю: святы пройдуць, яшчэ трошачкі, а там — паглядзім! Я сумняюся… Хаця, з іншага боку, яму ж там павінныя былі падказаць, калі ён сам не ўцяміў, што калі ты не выканаеш тое, што абяцаў, то ветэран абавязкова напіша ў “Народную волю” пра тое, як яго падмануў прэзідэнт. Ці патрэбна яму гэта? Ён жа пачаў ужо выбарчую кампанію, можна так лічыць!”

Адразу пасля размовы з Лукашэнкам сябра БНФ Фелікс Шкірманкоў заўважыў:  “Паглядзім,  што значыць слова прэзідэнта і як яно будзе, бо да 9 траўня засталося 11 дзён”. Зараз ён дае кіраўніку краіны тыдзень на тое, каб той выканаў сваё абяцанне. Калі, кажа ветэран, нічога не зменіцца за гэты час, будзе пісаць ліст у газету. Бо, упэўнены Фелікс Шкірманкоў, пісаць нейкія звароты ў прэзідэнцкую адміністрацыю ці яшчэ куды проста не мае сэнсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі