Віцебскім школьнікам скармілі 660 кг ласункаў з алкаголем

Віцебскім школьнікам скармілі 660 кг ласункаў з алкаголем

Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці выявіў шэраг парушэнняў пры арганізацыі харчавання школьнікаў у Віцебску і Оршы. Парушэнні дапусцілі ААТ "Вітміл" і ААТ "Орша-Сэрвіс". Праверка праходзіла ў сакавіку-чэрвені 2017 года.  

Напрыклад, "Вітміл" прадавала школьнікам Віцебска кандытарскія вырабы, зробленыя з выкарыстаннем алкагольных напояў. За два першыя месяцы 2017 года ў школах прадалі 660 кг такіх ласункаў на суму 4800 рублёў. Акрамя таго, з 17 лістапада 2016 года па 27 сакавіка 2017 года "Вітміл" зрабіў і прадаў дзецям больш за 690 кг пірожных "Нюша", пры вырабе якіх выкарыстоўваўся канцэнтрат "Бісквіт" са скончаным тэрмінам прыдатнасці, пішуць "Народныя навіны Віцебска".

Пры вырабе пірожных, тортаў, печыва і мучных прысмакаў "Вітміл" парушаў тэхналогію, не дакладаючы ў прадукцыю неабходную сыравіну. 

І "Вітміл", і "Орша-Сэрвіс" неаднаразова ўключалі ў меню адны і тыя ж стравы на працягу некалькіх дзён запар. З перавышэннем абмежавання выдаваліся стравы з выкарыстаннем каўбас і вараных сасісак. У буфетах штодня прадаваліся мучныя стравы з выкарыстаннем каўбасных вырабаў (піцы, смажанкі, сасіскі ў цесце, ладкі, слойкі з каўбасой, бутэрброды з каўбасой ды іншыя падобныя вырабы), хаця яны маюць абмежаванне — не больш за два разы на тыдзень.

Былі выяўленыя і іншыя парушэнні ў харчаванні школьнікаў. У сталовай гімназіі №1 Оршы ў траўні навучэнцам пры двухразовым харчаванні ні разу на працягу месяца ў якасці трэціх страў ня выдавалася малако (за выключэннем какавы з малаком і кававага напою з малаком) і кісламалочныя напоі. У меню сярэдняй школы №16 Оршы ў красавіку пры двухразовым харчаванні кефір і малако ўключаліся ў меню толькі два разы замест належнага штодзённага ўключэння іх у рацыён навучэнцаў.

Навучэнцам 6-10, 11-13, 14-17 гадоў памяншаліся нормы выхаду асноўных страў — катлеты, біточкі, шніцаль, кашы. Пры гэтым школьнікам давалі вялікія порцыі хлеба — па 30 грамаў двух відаў, што ў паўтара раза больш за выхад хлеба па меню для дарослых.

Выявіла праверка і высокую ступень знос абсталявання, і недахоп асобнага абсталявання. На сямі аб'ектах ААТ "Орша-Сэрвіс" выяўленыя парушэнні санітарных нормаў і правілаў у частцы неправядзення своечасовага рамонту памяшканняў, выкарыстання забруджанага і ржавага абсталявання ды інвентара, посуду са сколамі і расколінамі, захоўвання прадукцыі з парушэннем тэмпературных умоваў, адсутнасці інфармацыі пра тэрміны прыдатнасці, рэалізацыі падгарэлай гатовай прадукцыі ды іншыя. Аналагічныя парушэнні санітарных правілаў устаноўлены і пры праверцы пяці школьных сталовых ААТ "Вітміл".

Па выніках праверак 29 работнікаў і суб'екты гаспадарання, вінаватыя ў дапушчаных парушэннях, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, яшчэ 26 чалавек — да дысцыплінарнай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі