Віцебскія мытнікі затрымалі 10 тысяч пачкаў цыгарэт на мяжы з Латвіяй
У пункце пропуску “Урбаны” на беларуска-латвійскай мяжы супрацоўнікі Віцебскай мытні спынілі спробу незаконнага вывазу буйной партыі цыгарэт.
Падчас шараговай праверкі мікрааўтобуса было высветлена, што яго пасажырскую і грузавую часткі раздзяляе тайнік у выглядзе падвоенай сценкі. Пры дэмантажы фальшывай перагародкі там было знойдзена каля 10 тыс. пачкаў цыгарэт розных марак.
Цыгарэты і грузапасажырскі мікрааўтобус агульным коштам больш за 450 млн рублёў канфіскаваныя. Пачаты адміністрацыйны працэс.
Парушальніку пагражае штраф да 500 базавых велічынь (90 млн рублёў) з канфіскацыяй тавару і транспартнага сродку, паведамляе БелаПАН.
Фота: tamojinfo.by