Віктар Ганчарэнка можа ўзначаліць зборную Беларусі
Беларускі трэнер, які днямі быў звольнены з краснадарскай “Кубані”, знаходзіцца "ў сферы інтарэсаў" Беларускай федэрацыі футбола.
Віктар Ганчарэнка апынуўся сярод кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі. Пра гэта паведамляе партал tut.by.
Нагадаем, прадстаўнікі БФФ абмяркоўвалі з Ганчарэнкам перспектывы супрацоўніцтва яшчэ да таго, як стала вядома аб яго адстаўцы ў расійскім клубе "Кубань". Але тады Ганчарэнка адмовіўся. Па інфармацыі tut.by, па вяртанні зборнай Беларусі з Іспаніі, дзе 15 лістапада каманда правядзе матч адборачнага турніру Еўра-2016, кіраўнікі федэрацыі плануюць паўторна абмеркаваць прапанову з Віктарам Ганчарэнкам.
Не апошнюю ролю ў ходзе абмеркавання варыянту супрацоўніцтва можа згуляць заробак спецыяліста. У “Кубані” Ганчарэнка атрымліваў каля мільёна еўра ў год. Футбольная федэрацыя гатовая пацягнуць аналагічнае па суме пагадненне, аднак у такім выпадку ёй давядзецца згарнуць ўласныя інвестыцыйныя праекты.