Вінаватыя ў правале зборнай: футбалісты, фанаты, Кандрацьеў і Расія

Кар’ера Кандрацьева ў зборнай праходзіла пад акампанемент версіі, што нашы футбалісты слабыя, не тое што раней. Таму і не могуць перамагаць.

Хто вінаваты ў правале і стагнацыі нацыянальнай каманды і хто мог бы эфектыўна замяніць Георгія Кандрацьева? Задаём гэта пытанне аўтарытэтам беларускага футболу.

“Я дрэнна ўяўляю канкрэтнага трэнера, які пагодзіцца пайсці на пасаду галоўнага трэнера напярэдадні матча супраць іспанцаў у гасцях, — разважае знаны футбольны эксперт, журналіст “Прессбола” Сяргей Новікаў. — Не здзіўлюся, калі будзе рэалізаваны нейкі кампрамісны варыянт: Кандрацьева ўламаюць дапрацаваць да канца года, каб ужо потым здаць паўнамоцтвы”.

Еўрарадыё: І хто ўсё ж мог бы трэнера замяніць?

Сяргей Новікаў: З тых, хто знаходзіцца ў краіне і не працуе, гэта, зразумела, Анатоль Байдачны. З беларусаў, якія працуюць за мяжой, адразу ўсплывае імя Леаніда Кучука, звольненага з маскоўскага “Лакаматыва”. Але гэты трэнер вельмі дарагі і трымае марку. Таму не здзіўлюся, калі ён нашай Федэрацыі акажацца не па кішэні. Цікава разглядаць варыянт рускамоўнага спецыяліста з блізкага замежжа. Нейкага ўмоўнага, падкрэсліваю, умоўнага Андрэя Кобелева (расійскі 45-гадовы трэнер, які працаваў з “Дынама-Масква” і “Крыламі саветаў”, мае катэгорыю Pro — Еўрарадыё). Прыводжу гэта прозвішча для таго, каб прадэманстраваць узрост і ўзровень кваліфікацыі. Што да трэнераў з дальняга замежжа, з Заходняй Еўропы, то пры сённяшнім стане нашай футбольнай эканомікі мы гэта не пацягнем. Хіба што гэта будзе нейкі новы Бернд Штанге.

Еўрарадыё: Кіраўніцтва зборнай тлумачыць праблемы адсутнасцю добрых футбалістаў. Ці згодны вы з такой пазіцыяй?

Сяргей Новікаў: Нататкі на гэты конт я якраз пішу ў нумар “Прессбола”. Падлічыў. Да матча са славакамі рыхтаваліся 24 футбалісты. 17 з іх у розных варыянтах моладзевай зборнай гулялі ў фінальных частках чэмпіянату Еўропы. Гэта азначае, што ўваходзілі ў лік васьмі наймацнейшых зборных кантыненту. 12 з 14 гульцоў, якія ўчора выходзілі на поле, — тыя самыя “маладзёжнікі”: Жаўноў, Драгун, Мартыновіч, Шытаў, Крывец, Балановіч, Верхаўцоў, Бардачоў, Філіпенка, Калачоў, Палякоў і Гардзяйчук. Большая частка з тых, каго я пералічыў, гуляла ў маладзёжках пад кіраўніцтвам Кандрацьева. Шмат гадоў ён вядзе гэтых футбалістаў па самых важных этапах іх кар’ераў. Гэта моладзевыя першынствы, не будзем забывацца пра Алімпіяду ў Лондане, і цэлы адборачны цыкл нацыянальнай зборнай. Дык паўстае пытанне: калі гэтыя футбалісты былі на ўзроўні найлепшых моладзевых каманд Еўропы, няўжо яны за апошнія гады так здалі, што сёння нічога не вартыя? І ў якой ступені за гэта адказны спадар Кандрацьеў? У такім разе правільна было б пасля матча са славакамі, размаўляючы на гэтую тэму, сказаць: “З гульцамі здарыўся рэгрэс, яны сталі абы-чым, але, паважаныя сябры, разам з імі такім самым стаў і я”. Вось тады гэта было б зразумела і справядліва, па-чалавечы.

Еўрарадыё: Ці мяркуеце вы, што гульцы нашы настолькі кепскія?

Сяргей Новікаў: Я лічу, што не сталі да такой ступені кепскімі гэтыя футбалісты. З імі, напэўна, не так працавалі. Яны, відаць, хацелі паказваць не такі футбол, які ім прапаноўвалі. І ўвогуле, расказваць, які наш футбол дрэнны ў параўнанні са славацкім, крыху смешна. Прыгадаем, што колькі тыдняў таму наш чэмпіён разнёс чэмпіёна Славакіі ўшчэнт на тым самым барысаўскім газоне.

Еўрарадыё: То бок вы лічыце, што з боку Кандрацьева былі прафесійныя пралікі? Напрыклад, тактычныя?

Сяргей Новікаў: Два матчы супраць украінцаў і славакаў, калі трэба было гуляць відавочна на перамогу і ніяк інакш, каманда гуляла ў пяць абаронцаў. Пра што яшчэ можна казаць? Схема спрацоўвала на чэмпіянаце свету ў нідэрландцаў супраць іспанцаў. Але ў нас яна ну ніяк не працуе. Але ад яе па ходзе матча з украінцамі не тое што не адмовіліся, яе зноўку выкарысталі падчас матча са славакамі. На маю думку, гэта глупства, упартасць ці нешта яшчэ незразумелае. 

Былы трэнер зборнай Беларусі Анатоль Байдачны (узначальваў каманду з 2003 па 2005 гады) здзіўляецца сыходу Кандрацьева і згодны з аргументам галоўнага трэнера, што ў зборнай здарыўся кадравы голад.

Капітан зборнай Беларусі раскрытыкаваў заўзятараў

Навошта Кандрацьеву сыходзіць? Гэта эмоцыі, наша такое выхаванне. Цяпер нават Германія дрэнна гуляе. Такое ўражанне, што прыйдзе нейкі стары Хатабыч, і ўсё зменіцца”, — здзіўляецца Анатоль Байдачны рашэнню свайго калегі.

У няўдалых матчах з Украінай і Славакіяй Анатоль Байдачны бачыць негатыўны ўплыў… Фабія Капэла, трэнера зборнай Расіі.

“Ён арганізаваў зборы іх каманды. Праз Капэла перанеслі тур чэмпіянату Расіі, — працягвае Анатоль Байдачны. — Раз клубы там не гулялі, нашы футбалісты прыехалі дадому. Гульцы былі выбітыя з клубаў, не мелі ні гульнявой практыкі, ні падрыхтоўчай. У Беларусі іх спрабавалі трэніраваць, збіраць. А нехта ў той жа час у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі гуляў. Цэльнай каманды для падрыхтоўкі не было”.

Еўрарадыё: У мінулым адборачным цыкле зборная выступала дрэнна. Але тады было заяўлена, што каманда працуе на перспектыву. І вось настаў новы адборачны цыкл — і вынік пагоршыўся яшчэ больш. Многія заўзятары крытыкуюць Кандрацьева за дзіўную расстаноўку гульцоў, незразумелыя тактычныя рашэнні.

Анатоль Байдачны: Вось вы і многія так кажуць, таму што не знаходзяцца ўнутры каманды. Ніводзін трэнер не вораг сабе. Калі паўабаронца аказваецца на месцы нападаючага — гэта не таму, што трэнер не любіць нападаючых. Проста футбалістаў такога амплуа няма, і трэнер шукае магчымасці гэта кампенсаваць. Вялікі кадравы голад. Я разумею, што вы маеце на ўвазе Брэсана ў матчы са славакамі. Яму тлумачылі, як згуляць, але ён, відаць, зразумеў па-іншаму, не змог згуляць у гэтай пазіцыі. У нас на многіх пазіцыях ёсць футбалісты, якія не выступаюць нават у сваіх клубах. Не маюць гульнявой практыкі.

Еўрарадыё: У той жа час два беларускія клубы — у групавой стадыі еўракубкаў. БАТЭ, складзены з беларусаў, перамагае топавы клуб іспанскай лігі…

Анатоль Байдачны: “Атлетык-Більбаа” — цяпер не вельмі сур’ёзная каманда, паверце. Яна знаходзіцца ўнізе турнірнай табліцы і, напэўна, будзе прэтэндаваць на вылет. У падгрупе, дзе гуляе БАТЭ, ёсць толькі адна сур’ёзная каманда, на маю думку. Гэта “Порту”. Цяпер і данецкі “Шахцёр” не вельмі моцны. Таксама нашы клубы трапляюць у групавыя стадыі еўракубкаў дзякуючы рэформе Плаціні. Падчас кваліфікацыі мы не трапляем на моцныя клубы. Гэта робіцца наўмысна для развіцця футболу ў Еўропе. Хоць безумоўных заслуг БАТЭ гэта не прыніжае.

Еўрарадыё: Якія меры варта прыняць, каб гульня і вынік нашай зборнай не былі такімі тужлівымі?

Анатоль Байдачны: Гэта банальна ўсё, але ёсць самая простая прычына. Звяртаць увагу трэба на дзіцяча-юнацкі футбол. Дзяцей у нас часам трэніруюць людзі, якія не разбіраюцца ў футболе. Футбалісты добрага ўзроўню не ідуць у трэнеры, бо, напэўна, там нізкая зарплата. А прыходзяць трэніраваць людзі, згодныя на гэтыя умовы. У выніку ў нас вырастаюць…. Паглядзіце, мы цяпер у юнацкіх спаборніцтвах нічога не выйграем. Увогуле нічога. Апошні годнага ўзроўню футбаліст, якога мы выгадавалі, — гэта быў Глеб. А пасля яго нічога не выгадавалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі