Вірус, што "штрафаваў" беларусаў ад імя МУС, прынес махлярам $35 тысяч
Віцебскія следчыя завяршылі папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе інтэрнэт-махляроў, якія "штрафавалі" беларусаў ад імя МУС. Трох жыхароў Оршы, аднаго мінчука і трох грамадзянаў Расіі неўзабаве будуць судзіць, ім пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Справа складаецца з 39 тамоў. З чэрвеня па снежань 2015 года злачынцы распрацавалі і распаўсюджвалі вірус, які блакаваў браўзэры кампутараў і мабільных гаджэтаў. На экранах з'яўлалася паведамленне ад імя Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэта дзяржаўнай бяспекі пра тое, што "з гэтага кампутара (ці іншай прылады) праглядалася парнаграфія" і "група затрымання ўжо выехала". Каб "пазбегнуць адказнасці", злачынцы прапанавалі тэрмінова заплаціць штраф — 500-550 тысяч недэнамінаваных рублёў. Пры гэтым кампутары "завісалі", і недасведчаныя карыстальнікі разблакаваць іх не маглі.
Следчыя высветлілі, што агулам махляры скралі каля 700 млн недэнамінаваных рублёў, ці $35 тысяч. Каля 120 чалавек праходзяць па справе як пацярпелыя. "Гэта жыхары розных рэгіёнаў Беларусі, людзі рознага ўзросту, полу і статусу. У рэальнасці грамадзян, якія аплацілі такія штрафы, значна больш. Можна меркаваць, што ахвярамі злачынцаў сталі больш за тысячу чалавек. А вось з заявамі ў міліцыю звярнуліся толькі некалькі дзясяткаў", — распавёў агенцтву БелТА супрацоўнік пракуратуры Віцебскай вобласці Уладзімір Васільеў.
Справу будуць разглядаць у судзе Аршанскага раёна і горада Оршы. Расіян для ажыццяўлення крымінальнага пераследу плануецца накіраваць на радзіму.