Вучаніца 11 класа: "Новая рэформа - гэта чарговы эксперымент на дзецях"

Дэкрэт аб пераходзе на адзінаццацігадовы тэрмін навучання ўжо гатовы. Прэзідэнту засталося толькі паставіць свой подпіс. І тады на наступны год у беларускія ВНУ накіруецца адразу 2 плыні выпускнікоў. Якім чынам адзінаццатыя класы пройдуць двухгадовую праграму за год, і каму варта ужо цяпер пачынаць хвалявацца, высвятляла Еўрарадыё.
Праект навучальнай праграмы, якая дазволіць старэйшым класам за год вывучыць двухгадовую праграму, ужо распрацаваны, але яго па-ранейшаму не раскрываюць. Ён знаходзіцца на ўзгадненні. Пра гэта Еўрарадыё распавяла намесніца начальніка упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Валянціна Маеўская:

“Пакуль працуе міжведамасная камісія, якая разглядае гэтыя пытанні. Рашэнне камісія прыме толькі пасля 26 траўня, таму, пакуль невядома. Распрацаваны праект пераходнага навучальнага плана, але ён пакуль яшчэ на ўзгадненні”.

“Гэта будзе чарговы эксперымент на дзецях”, - кажа 11-класніца Каця:

“Наступствы гэтай рэформы нічога добрага нам не нясуць. У некаторых школах сур’ёзна ставяцца да іспытаў. І рыхтавацца да іх пачынаюць за 2 гады – напрыклад, вывучаць тэмы па англійскай мове ці нямецкай... А тут ім давядзецца ўсё гэта вучыць за апошні год. Гэта будзе чарговы эксперымент на дзецях”.

Каця заканчвае звычайную 11-годку. Але, кажа, настаўнікі іх пужаюць канкурэнцыяй з боку тых вучняў, што будуць заканчваць школу ў экстрэмальнымі рэжыме. Маўляў, калі ім зробяць добрую праграму на фінальны год, дык яны выйдуць са школ яшчэ лепш падрыхтаванымі, чым тыя, хто спакойна давучыцца свае 11 год:

“Настаўнікі нам кажуць – вы павінны хвалявацца. Не яны, а вы! Таму што шмат па якіх прадметах яны падрыхтаваныя на дадзеным этапе лепш. І калі ім, да гэтага фінальнага класа зробяць добрую праграму, то вы лёгка можаце праляцець са сваімі іспытамі. Яны папаступаюць, а вы — не”.

Нягледзячы на запужванні настаўнікаў, сама Каця пакуль не хвалюецца:

“Не вельмі хвалююся, таму што шмат хто яшчэ не вызначыўся, куды паступаць. Калі раней з дзяцінства ўсе хацелі стаць доктарам альбо касманаўтам, то цяпер мяняюць сваё рашэнне літаральна ў сакавіку. Мы 11-класнікі ўвогуле не асабліва хвалюемся, мы гэтыя штрыхі ніколі ўсур’ёз не ўспрымалі... Вось можа калі праляцім, як фанера над Парыжам, можа тады і падумаем”.

Такім чынам, цяпер засталося толькі дачакацца праграмы на наступны год, якая, нагадаем, яшчэ распрацоўваецца. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Рубінаў запэўніў Еўрарадыё, што якасць навучання не знізіцца. Усяго толькі прыбяруць “лішнія” прадметы:

“Праграма будзе адпаведным чынам зменена, каб яны скончылі, і каб гэты пераходны перыяд быў закончаны без паніжэння якасці... Яны і закончаць без паніжэння якасці. Прыбяруць лішнія прадметы, аптымізуецца праграма і г.д...”

Няма чаго хвалявацца і школьнікам, якія двухгадовы курс мусяць прайсці за год. Па словах Анатоля Рубінава паступаць усе будуць у роўных умовах:

“Паступаць? Ну і што. Яны ўсе ў аднолькавых умовах, нічога страшнага”.

“Лішнімі” прадметамі, нагадаем, стануць “Сусветная мастацкая культура”, “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, “Здаровы лад жыцця”. Гэтыя прадметы ў школах больш выкладацца не будуць. ЧГД (чалавек-грамадства-дзяржава) цяпер будзе называцца “Грамадазнаўства” і выкладацца толькі пачынаючы з 9 класа, па 1 гадзіне. Гісторыю Беларусі аб’яднаюць з сусветнай гісторыяй у адзін прадмет.

Што тычыцца ўступных іспытаў, то хвалявацца бацькам пакуль рана. Па словах старшыні камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Здановіча, сёлета паступленне будзе ісці па тых правілах, якія дзейнічалі і дзейнічаюць на сённяшні дзень. Без усялякіх зменаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі