"Вы здраднікі". Баскаў пракаментаваў перанос ЧС па хакеі з Мінска

Дзмітрый Баскаў / hcdinamo.by
Дзмітрый Баскаў / hcdinamo.by

Кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў назваў здраднікамі прадстаўнікоў фонду салідарнасці спартоўцаў, якія, на ягоную думку, адабралі "ў беларускага народа сапраўднае свята".

Напярэдадні стала вядома, што Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) прыняла рашэнні аб пераносе матчаў чэмпіянату свету з Беларусі. Такі крок у IIHF патлумачылі праблемамі з бяспекай у краіне.

"Пасля гэтага вы не можаце называцца беларусамі! Вы здраднікі!" — гаворыцца ў каментары кіраўніка ФХБ.

Баскаў спасылаецца на дзяцей — маўляў, Чэмпіянат свету забралі менавіта ў іх. Акрамя таго, ён гаворыць, што чэмпіянат мог бы прыцягнуць у краіну шмат замежных заўзятараў і СМІ, "якія маглі б на ўласным вопыце пераканацца ў неверагоднай прыгажосці Беларусі, гасціннасці нашага народа і ўзроўні бяспекі ў нашай краіне".

Баскаў мяркуе, што Міжнародная федэрацыя хакея і спонсары, якія адмовіліся ўкладаць грошы ў турнір, калі ён пройдзе ў Мінску, "сталі ахвярамі палітычных гульняў вакол Беларусі".

"На жаль, працэдура, прадугледжаная Міжнароднай федэрацыяй хакея, не прадугледжвае магчымасці апеляцыі", — адзначыў у канцы кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі.

Пытанне аб пераносе матчаў чэмпіянату свету па хакеі, які сумесна павінны былі правесці ў траўні-чэрвені 2021 года Мінск і Рыга, паўстала пасля прэзідэнцкіх выбараў. Убачыўшы гвалт, які беларуская ўлада ўжыла да нязгодных, Латвія заявіла, што не бачыць магчымасці праводзіць сумесны чэмпіянат. Цягам восені рэпрэсіі ў дачыненні да нязгодных толькі ўзмацняліся. Акрамя таго, Баскаў быў заўважаны ў месцы, дзе затрымалі і збілі Рамана Бандарэнку. Бандарэнка памёр на наступны дзень у бальніцы ад атрыманых траўмаў. У дачыненні да Баскава Міжнародная федэрацыя хакея пачала расследаванне.

"Вы предатели". Басков прокомментировал перенос ЧМ по хоккею из Минска
Рэнэ Фазэль у Мінску сфатаграфаваўся з Дзмітрыем Баскавым / t.me/kyky_org

Хакейныя федэрацыі шэрагу краін заявілі аб магчымым байкоце турніру, калі ён пройдзе ў Мінску. Шэраг кампаній-спонсараў таксама адмовіўся ўкладаць грошы ў чэмпіянат, калі яго не перанясуць. Напярэдадні прыняцця рашэння кіраўнік IIHF Рэнэ Фазэль прыляцеў у Мінск пагутарыць з Аляксандрам Лукашэнкам. Сустракаўся ён і з Баскавым. Але пазней апраўдваўся, што паездка атрымалася недарэчнай. "У Мінску гуляў з агнём. І мы крыху абгарэлі", казаў Фазэль па выніках візіту ў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі