Вялікі фактчэкінг па "вялікай размове з Лукашэнкам"
Аляксандр Лукашэнка падчас "вялікай размовы" з журналістамі і экспертамі зрабіў некалькі цікавых выказванняў. Ён сказаў, што: Мы прынялі 170 тысяч украінцаў за два гады, у Палацы Незалежнасці працуе 3 чалавекі, можна ўладкаваць дзіця ў сад у цэнтры Мінска, У 2016 годзе створана 74 тысячы працоўных месцаў, а ў Беларусі 11 відаў льгот на дзяцей.
Правяраем.
Створана 74 тысячы новых працоўных месцаў
Падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам" Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі за мінулы год створана 74 тысячы новых працоўных месцаў.
— Я проста сілай давёў заданне: 50 тысяч працоўных месцаў — хоць памры — але ствары і працаўладкуй. 74 тысячы...
— На верасень, — падказвае нехта кіраўніку краіны.
— На верасень, так? Ну, за год можа нават больш было створана, — рэзюмуе прэзідэнт. — Так, кажуць, там недзе на старых вытворчасцях нешта першы год можна "змышкаваць". А другі год як 50 тысяч будзеш даваць? Хаця я не думаю, што нехта займаецца там прыпіскамі. Можа, недзе нешта ёсць. Але ўсё ж такі гэты працэс пайшоў.
Статыстыку па працаўладкаванні збірае Белстат. З яго сайта даведваемся: "дадатковых працоўных месцаў" за 2016 год "уведзена"... 31402. У 2,5 раза менш за 74 тысячы, якімі пахваліўся Аляксандр Лукашэнка.
Больш за ўсё працоўных месцаў было створана ў жніўні: 3532. Менш за ўсё — у студзені: 1615.
Што да агульнай сітуацыі з працаўладкаваннем, дык за мінулы год (тут снежань 2015 параўноўваем са снежнем 2016) колькасць занятых у беларускай эканоміцы скарацілася амаль на 90 тысяч.
Адкуль узялася гэтая лічба — 74 тысячы? У звязку з занятасцю беларусаў яна ў 2016 годзе згадваецца толькі аднойчы. За першае паўгоддзе ў Беларусі менавіта на 74 тысячы чалавек звольнена больш, чым прынята на працу.
Прынялі 170 тысяч украінцаў за апошнія два гады
Беларусь за два гады прыняла ў сябе 170 тысяч украінцаў. Такую лічбу агучвае Аляксандр Лукашэнка падчас сваёй “Вялікай размовы” 3-га лютага. Ці сапраўды гэта так?
Глядзім статыстыку Міністэрства ўнутраных спраў. Паводле афіцыйных звестак, летась дазвол на працу атрымалі (альбо ім быў працягнуты ранейшы дазвол) 6 348 грамадзян Украіны. Апроч таго, у 2016 годзе статус уцекача атрымалі 637 грамадзян Украіны, у 2015 годзе ― 978, у 2014 ― 663.
Увогуле, лічба, блізкая да названай 3 лютага кіраўніком краіны, называлася неаднаразова. Прычым, з пачатку 2016 года. Так, 4 студзеня 2016 года начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС РБ Аляксей Бягун казаў, што ўсяго ад пачатку баявых дзеянняў у Данецкай і Луганскай абласцях у Беларусь прыбыло каля 160 тысяч украінцаў, але і ў канцы 2016 года лічба не змяняецца. “З пачатку канфлікту на ўсходзе Украіны каля 160 тысяч грамадзян гэтай краіны прыехала ў Беларусь”, ― кажа прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі Жан Іў Бушардзі ў эфіры АНТ.
На ўдакладненні Еўрарадыё начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС РБ Аляксей Бягун 24 лістапада 2016 года дае такі адказ:.
“На 1 лістапада, пачынаючы з 1 студзеня 2016 года, маем такую лічбу: 17 тысяч новых грамадзян прыбылі на тэрыторыю нашай краіны. Была раней агульная лічба 160 тысяч, але ж яны катаюцца: нехта прыязджае, нехта з’язджае. Мы лічым толькі новых, а тыя, хто ўжо тут асеў ― той асеў. З гэтых 17 тысяч чалавек 2732 атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне”.
У Палацы незалежнасці ў Мінску працуюць тры чалавекі
У Палацы незалежнасці ў Мінску працуе тры чалавекі. Сярод іх — прэс-сакратарка кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам", якая ў пятніцу праходзіць у Мінску ў будынку БелЭкспа. Лукашэнка падкрэсліў, што Палац незалежнасці — гэта не яго рэзідэнцыя, рэзідэнцыя застаецца на вуліцы Карла Маркса. У Палацы незалежнасці ён праводзіць прыёмы гасцей.
Глядзім, што куплялі ў Палац на сайце тэндараў (тут і тут).
Плошча будынка складае 50 тысяч квадратных метраў, там сотні памяшканняў. Два з іх задумваліся, як спальні. Некалькі банкетных залаў, залаў для прыёмаў, прэс-цэнтр, галерэя, зімовы сад, 3D-кінатэатр для якога набылі 500 пар 3D-акуляраў.
У Палац набылі: 137 шафаў для спецвопраткі, 60 гардэробных шафаў, 105 настольных камп’ютараў, 224 тэлефонныя апараты, 500 камплектаў посуду для супрацоўнікаў, 24 лядоўні, шафы для віна на 96 бутэлек — 6 штук, 19 пыласосаў, 11 мыючых пыласосаў, сем трактароў, тры пагрузчыкі, падводны пыласос для басейна, кустарэзы, бензапіла.
Выснова: У Палацы Незалежнасці не можа працаваць толькі 3 асобы.
Чыноўнікам крэдыты на жыллё пад 17%
Пытанне асобных умоваў крэдытавання для чыноўнікаў на прэс-канферэнцыі кіраўніка дзяржавы ўзняў галоўны рэдактар "Народнай Волі" Іосіф Сярэдзіч. Задаючы пытанне Лукашэнку, ён паведаміў, што некаторыя чыноўнікі будуюць дамы ў Драздах на крэдыты пад 4%. На гэта адразу ж адрэагаваў адзін з прысутных у зале чыноўнікаў. Ён падняўся са свайго месца і адрапартаваў, што беларускія чыноўнікі могуць будаваць жыллё на крэдыты пад 17% і не ніжэй.
Правяраем, наколькі такія ўмовы адрозніваюцца ад умоваў для іншых грамадзян краіны. Найбольш крэдытаў насельніцтву выдае "Беларусбанк", у тым ліку крэдытаў на будаўніцтва жылля. У інфа-цэнтры Еўрарадыё паведамілі, што на сённяшні дзень мінімальная стаўка крэдыту на будаўніцтва жылля па ўмовах "Беларусбанка" складае 20%. Таксама ёсць магчымасць атрымаць крэдыт на асаблівых ільготных умовах, тады ён складзе 11,5%. Такія крэдыты маюць права атрымаць тыя грамадзяне, якія стаяць на ўліку і маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. У першую чаргу, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў.
У яшчэ адным буйным банку ― "Белаграпрамбанку" ― Еўрарадыё паведамілі, што на дадзены момант ільготных крэдытаў на будаўніцтва жылля не выдаюць. Мінімальная стаўка ― 22%.
У абодвух банках адзначылі, што яны не маюць спецыяльных прапановаў для супрацоўнікаў дзяржаўных структур.
У цэнтры вызваліліся дзіцячыя сады
Падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам" Аляксандр Лукашэнка закранае тэму перапоўненасці дзіцячых садкоў у новых раёнах Мінска кшталту Каменнай Горкі і свабодных месцаў у садках у цэнтры горада:
"Бяда атрымалася: у цэнтры вызваліліся дзіцячыя сады, у школах ёсць месцы, а там, дзе нараджаюць сёння, на акраінах, іх няма. Цэнтр апынуўся больш дарослым. Людзі нараджаюць менш ці не нараджаюць увогуле. І так атрымалася ў Мінску, што дзіця трэба везці з Каменнай Горкі ў цэнтр у дзіцячы садок, дзе з'явіліся месцы. Давялося нават прадаваць дзіцячыя сады ў цэнтры пад офісы, а грошы перакідваць туды, каб там будаваць інфраструктуру".
Тэлефануем у садкі ў цэнтры сталіцы, каб праверыць інфармацыю.
"Вам трэба станавіцца ў чаргу ва ўпраўленні адукацыі. У якім садку будзе месца, у той вас і накіруюць. Але ў любым выпадку вам прадаставяць дзіцячы садок", — кажуць у адной з дзіцячых устаноўваў у раёне плошчы Бангалор.
У садку на Залатой Горцы прама цяпер месцаў няма, але, абяцаюць на тым канцы проваду, у верасні месца для дзіцяці будзе абавязкова, галоўнае ― прама цяпер бегчы ва ўпраўленне адукацыі і стаць у чаргу. Прапіска ў іншым раёне ролі не грае:
"У нас шмат дзяцей з розных канцоў горада, чые бацькі працуюць побач. Заўсёды пазіцыянавалася, што прапіска для дзіцяці не істотная".
"Ва ўсім раёне месцаў няма адназначна, — расчароўваюць у садку на Чарвякова. — Але, магчыма, калі вы паходзіце па садках і даведаецеся асабіста ў загадчыц, можа, нехта вас возьме. Але апроч гэтага, трэба стаяць на чарзе ў выканкаме любога раёна".
11 відаў льгот для нашых дзяцей
Падчас “вялікай размовы з прэзідэнтам” Аляксандр Лукашэнка прыгадвае 11 відаў льгот на дзяцей.
“11 відаў льгот для нашых дзяцей. Я аж сам здзівіўся, калі прачытаў. Ніводная краіна не дае столькіх ільгот на дзяцей.”.
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны кажуць, што Лукашэнка меў на ўвазе 11 відаў дапамог на дзяцей, а не льготы.
“Гэта дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Гэта 11 відаў дапамогі такім сем’ям”, ― паведамляюць у міністэрстве.
На сёння ў Беларусі існуе:
1) Аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці – 1800 рублёў
2) Аднаразовая дапамога пры нараджэнні другога і наступнага дзіцяці – 2520 рублёў
3) Дапамога па даглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў – 261,38 штомесяц
4) Кампенсацыя ў сувязі з нараджэннем блізнят.
5) Дапамога па даглядзе за дзіцём-інвалідам.
6) Штомесячная дапамога па даглядзе за дзіцём-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў.
7) Штомесячная дапамога на дзяцей у сям'і, дзе ёсць дзіця-інвалід.
8) Дапамога па даглядзе дзіцяці, якое пражывае на тэрыторыі радыяцыйнага забруджвання.
9) Дапамога сем'ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў.
10) Штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, якое хварэе на ВІЧ.
11) Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржарганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці.
Відавочна, што ўсе 11 відаў дапамогі не можа атрымаць адна сям’я. Традыцыйна адна сям’я карыстаецца двума-трыма выплатамі.