Вялікія грошы? Пераезд? Не абавязкова. Дзе шукаць якасную адукацыю пасля школы

Сумоўе ў беларускім універсітэце / Еўрарадыё
Сумоўе ў беларускім універсітэце / Еўрарадыё

Беларускія ўлады ідэалагізуюць вышэйшую адукацыю і бяруць студэнцтва пад татальны кантроль, а таленавітыя выкладчыкі вымушаныя звальняцца з ВНУ і шукаць працу за мяжой. Ва ўніверсітэты вярнулі палітэканомію з савецкіх адукацыйных праграмаў, а ў Ліцэі БДУ вучням прапануюць маляваць коміксы пра подзвігі чэкістаў і Фелікса Дзяржынскага.

Што рабіць, калі дзіця хутка скончыць школу, і хочацца, каб яно атрымала нармальную сучасную адукацыю? Першая парада — вучыць англійскую мову. Другая — шукаць магчымасці за межамі Беларусі. Гэта не заўсёды дорага. А калі магчымасці з’ехаць няма — ёсць варыянты і ў Беларусі, лічыць гісторык і этнограф, выкладчык ЕГУ Павел Церашковіч.

У Славакіі, Чэхіі і Фінляндыі для замежнікаў навучэнне бясплатнае, калі яны навучаюцца на нацыянальнай мове. Таму трэба вучыць не толькі англійскую, а, напрыклад, чэшскую, фінскую, славацкую. Калі не хапае рэсурсаў, дык гэта будзе добры шанс.

Для тых, хто не можа паехаць вучыцца за мяжу таксама ёсць магчымасці атрымаць якасную адукацыю і нават еўрапейскі дыплом. Трэба толькі пашукаць.

Яшчэ ў савецкія часы, самыя змрочныя, людзі, якія мыслілі самастойна, казалі, што калі ў прынцыпе ёсць фармальная адукацыя і жаданне, то на 80 адсоткаў за кошт самастойнай працы можна добрую адукацыю атрымаць. Калі сумленна працаваць нават па гэтых праграмах [якія даюць ВНУ у Беларусі. — Еўрарадыё] плюс займацца самаадукацыяй.

Да гэтага ёсць маса варыянтаў атрымання добрай адукацыі дыстанцыйнай. У самых розных фарматах. Яна можа быць нефармальнай — часцей за ўсё. Можа быць фармальнай.

У другім выпадку за навучанне трэба заплаціць невялікія грошы, здаць іспыт і атрымаць сертыфікат.

Адукацыйныя рэсурсы пакуль не блакуюць — можна без VPN зайсці. Тым больш, што і дыяспара беларуская тут ужо папрацавала. Ёсць дастатковая колькасць не проста ініцыятыў, а адукацыйных праграм, якія рэальна працуюць.

У тым ліку Беларуская акадэмія ў Польшчы. Студэнты фармальна паступаюць у польскія ВНУ, працуюць дыстанцыйна. Лекцыі ім чытаюць беларускія выкладчыкі на той мове, якая лепей падыходзіць. Гэта можа быць і англійская, і польская, і беларуская, і руская. Беларусы могуць навучацца, знаходзячыся ў самой Беларусі фізічна, але атрымаць польскі дыплом, з якім іх шансы на рынку працы будуць значна вышэйшыя. Аплата не скажу, што сімвалічная, але невялікая. Нават у сённяшняй Беларусі гэта можна пацягнуць, — рэзюмуе Павел Церашковіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі