Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон аб амністыі для ўдзельнікаў Майдана
Аднак гэта варыянт Партыі рэгіёнаў, а не апазіцыі.
Прыняццё закона аб амністыі было адным з патрабаванняў апазіцыі, каб недапусціць пераследу і пакарання ўдзельнікаў вулічных пратэстаў.
Пазачарговае пасяджэнне Вярхоўнай Рады працягвалася на працягу ўсяго дня. Апазіцыя і праўладная большасць дэпутатаў ніяк не маглі ўзгадніць тэкст законапраекта. У выніку, пасля некалькіх перапынкаў, было вырашана працаваць да таго часу, пакуль не будзе прынятае рашэнне па законе аб амністыі.
У апазіцыйным праекце аб амністыі прапаноўвалася амніставаць усіх удзельнікаў пратэстаў. У праекце Партыі рэгіёнаў патрабавалася спачатку, каб пратэстоўцы разблакавалі вуліцы, плошчы, дарогі, вызвалілі занятыя памяшканні.
Позна ўвечары ў парламент нечакана прыехаў прэзідэнт Віктар Януковіч, які сустрэўся з дэпутатамі фракцыі Партыі рэгіёнаў ды абмеркаваў з імі "сітуацыю ў краіне і шляхі выхаду з крызісу". Таксама Януковіч сустрэўся з лідарамі апазіцыйных фракцый ды спрабаваў іх пераканаць галасаваць за законапраект Партыі рэгіёнаў, але яны адмовіліся. Украінскі прэзідэнт пагражаў роспускам парламента і прызначэннем датэрміновых парламенцкіх выбараў.
У выніку, праўладная большасць прагаласавала без абмеркавання за праект закона Партыі рэгіёнаў (232 дэпутаты прагаласавалі "за" пры неабходных 226 галасах). Такім чынам, амністыя адбудзецца толькі пасля саступак пратэстоўцаў. Пад амністыю не трапяць тыя, хто здзейсніў асабліва цяжкія злачынствы.