Выбаркам напісаў кандыдату даходы ў 10 разоў вышэй, чым у дэкларацыі
Кандыдат у дэпутаты па Сяльмашаўскай акрузе ў Гомелі Уладзімір Кацора патрабуе ад выбаркама высветліць, чаму чаму ў СМІ паведамляюцца звесткі пра яго даходы, у дзесяць разоў вышэйшыя за сапраўдныя.
Палітык кажа, што падаў дэкларацыю пра даходы і маёмасць за 2018 год, паведамляе прэс-служба руху "За свабоду". Ён указаў 3840 рублёў даходаў і сумесную з жонкай маёмасць: кватэру 21,56 кв.м, садовы домік 51,6 кв.м, зямельны ўчастак 0,0522 га. У раздзеле "Іншыя звесткі" Кацора паказаў суму даходаў у 2150 рублёў як ўмоўна ацэначную ад вядзення індывідуальнай гаспадаркі.
Аднак 19 кастрычніка гарадская газета "Гомельскія ведамасці" апублікавала звесткі пра кандыдатаў. У Кацоры паведамляўся даход у 30 350,57 рублёў, без маёмасці. Таму шэраг гомельскіх сайтаў уключыў апазіцыянера ў топ-6 самых багатых кандыдатаў вобласці.
Па словах старшыні акруговай камісіі Гомельскай-Сяльмашаўскай акругі Л.Мяшковай, такія звесткі акруговая камісія атрымала ад падатковай інспекцыі.
Кацора лічыць гэта правакацыяй і патрабуе ад выбаркама "зрабіць праверку па выкладзеных фактах, абавязаць СМІ апублікаваць абвяржэнне па факце публікацыі недакладных дадзеных".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.