Выбары прэзідэнта ФІФА папярэдне запланаваныя на 16 снежня
Былы кіраўнік арганізацыі Ёзэф Блатэр сышоў у адстаўку на фоне карупцыйнага скандала.
Выбары новага прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) папярэдне запланаваныя на 16 снежня 2015 года. Яны пройдуць у швейцарскім Цюрыху. Канчатковую дату галасавання прызначаць у ліпені, перадае БЕЛТА.
Нагадаем, што нядаўна ў ФІФА разгарэўся найбуйнейшы скандал: 27 траўня паліцыя затрымала ў Цюрыху сем высокапастаўленых чыноўнікаў арганізацыі па падазрэнні ў карупцыі. Цяпер абмяркоўваецца іх экстрадыцыя ў ЗША, дзе ім могуць выставіць абвінавачанні.
Адначасова швейцарская паліцыя распачала крымінальную справу ў дачыненні групы невядомых асобаў, звязаных з адмываннем грошай падчас выбараў краін-арганізатараў чэмпіянатаў свету па футболе 2010, 2018 і 2022 гадоў.
На фоне гэтага скандалу прэзідэнт ФІФА Ёзэф Блатэр быў пераабраны 29 траўня на чарговы тэрмін, але затым абвясціў пра свой сыход.
Фота: Global Look Press