Выбары ў “ДНР” і “ЛНР” пераносяць на наступны год
Прадстаўнікі сепаратысцкіх утварэнняў Данбаса Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дэйнэга абвясцілі, што “ДНР” і “ЛНР” пагаджаюцца перанесці прызначаныя на 18 кастрычніка і 1 лістапада выбары на наступны год. Пра гэта паведамляе ВВС са спасылкай на Данецкае агенцтва навінаў.
Кіеў лічыў мясцовыя выбары на Данбасе парушэннем мінскіх дамоўленасцяў, бо іх правядзенне не адпавядае ўкраінскаму заканадаўству. Прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік заявілі, што гэтае рашэнне — вынік перамоваў “нармандскай чацвёркі” на саміце ў Парыжы 2 кастрычніка.
Пры гэтым Пушылін і Дэйнэга настойваюць у на сваім удзеле ў распрацоўцы закона аб асаблівым статусе Данбаса, а таксама на тым, каб да мясцовых выбараў Вярхоўная Рада Украіны правяла галасаванне аб папраўках у канстытуцыю краіны, якія тычацца дэцэнтралізацыі, і абвясціла амністыю ўдзельнікам баявых дзеянняў у Луганскай і Данецкай абласцях.
Генсек НАТА Енс Столтэнберг заявіў у канцы верасня, што ніводная краіна-сябра альянсу не прызнае выбары ва ўсходняй Украіны, калі яны пройдуць не па агульнаўкраінскіх законах.
Выбары ў мясцовыя органы ўлады па ўсёй Украіне пройдуць 25 кастрычніка гэтага года. Канстытуцыйныя змены, абяцаныя Кіевам і прынятыя Радай ў верасні 2015 года, даюць значна шырэйшыя паўнамоцтвы органам самакіравання ў гарадах і абласцях і ўмацоўваюць улады на месцах.