Выказваем заклапочанасць: Расія і ЗША шукаюць стабільнасці, а Куба — наадварот
Коратка пра свет / Еўрарадыё
За акцыямі пратэсту на Кубе пачаліся масавыя суды. За катастрафічнымі паводкамі ў Цэнтральнай Еўропе пачаліся страшныя пажары ў Паўднёвай. А Канада паказала ўсім, як трэба выходзіць са складаных сітуацый.
Кароткі агляд сусветных навін у падборцы Еўрарадыё.
Канада выходзіць з непрыемнай сітуацыі
У Канадзе прызначылі першага генерал-губернатара з ліку карэнных народаў. Ім стала адвакатка Мэры Сайман. Гэта пасада, на якую кандыдата зацвярджае каралева Вялікабрытаніі.
Але знакавае гэта прызначэнне не праз подпіс каралевы. Яно адбываецца ў цяжкі для Канады час. Краіна разбіраецца са сваёй гісторыяй і адказвае на нязручныя пытанні пра неэтычнае стаўленне да прадстаўнікоў карэнных суполак у мінулым.
Сотні чалавечых парэшткаў былі нядаўна знойдзены ў безыменных магілах на тэрыторыі некалькіх былых школ-інтэрнатаў. Дзясяткі тысяч дзяцей у такіх школах зазнавалі жорсткае абыходжанне.
Сайман па маці паходзіць з інуітаў, карэннага насельніцтва Канады. Яе сям'я вяла традыцыйны для інуітаў лад жыцця: вяла натуральную гаспадарку, палявалі, лавіла рыбу. Сама ж Мэры Сайман працавала журналісткай, дыпламаткай, прадстаўляла інтарэсы Канады ў Даніі. Цяпер яна першы генерал-губернатар, які паходзіць з інуітаў.
Сайман заклікала прызнаць тое, што здарылася, увекавечыць памяць ахвяр і прымірыцца "са зверствамі нашага калектыўнага мінулага, пра якія мы даведваемся ўсё больш кожны дзень".
Адным словам, Канадзе нейкім дзіўным чынам удаецца адказваць на самыя непрыемныя пытанні, выходзіць са складаных сітуацый і ў канчатковым выніку заставацца проста краінай для жыцця.
Каб было стабільна
Афіцыйныя асобы ЗША і Расіі абмеркавалі стабільнасць. Гэта першыя перамовы з серыі, якую намецілі на саміце ў чэрвені прэзідэнты Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн.
Напярэдадні гэтай сустрэчы Байдэн выказаўся пра слабасць эканомікі Пуціна. Маўляў, у Расіі ёсць толькі ядзерная зброя і нафтавыя свідравіны. Крэмль адказаў, што Байдэн памыліўся ў сваёй ацэнцы расійскіх багаццяў. Байдэн дзяліўся гэтым бачаннем з афіцэрамі нацыянальнай выведкі, і ў Крамлі выказалі здагадку, што такія "бравурныя заявы" сярод гэтай аўдыторыі запатрабаваныя.
Якімі б ні былі гэтыя завочныя публічныя перамовы, учора ў Жэневе дэлегацыі Расіі і ЗША абмеркавалі бяспеку, успрыманне пагроз стратэгічнай стабільнасці, перспектывы новага кантролю над ядзернымі ўзбраеннямі і фармат новых сустрэч.
З акцыі пратэсту ў суд
А вось на Кубе нестабільна. Услед за масавымі пратэстамі адбыліся масавыя судовыя працэсы над тымі, хто адважыўся выйсці на вуліцы, піша СNN. Кубінскія афіцыйныя асобы не паведамляюць, колькі чалавек было арыштавана пасля пратэстаў.
Сем'і некаторых пратэстоўцаў на ўмовах ананімнасці расказваюць журналістам, што іх блізкіх арыштавалі проста за тое, што яны знаходзіліся на вуліцы ў час пратэстаў. Або за тое, што здымалі дэманстрацыю.
Але кубінскія афіцыйныя асобы заявілі, што выконваюцца ўсе неабходныя працэдуры, і апелююць да таго, што некаторыя дэманстранты паводзілі сябе зусім не мірна, нападалі на паліцыю.
"Дэманстрацыя — не злачынства, гэта права, дадзенае Канстытуцыяй... Мы не трагладыты", — сказаў прадстаўнік Вярхоўнага народнага суда.
Тэрмінова — гэта значыць"проста цяпер"
Паўднёвая Еўропа церпіць ад разбуральных лясных пажараў. На італьянскім востраве Сардзінія каля тысячы чалавек вымушаныя былі пакінуць свае дамы. Расліннасць і жывёлы знішчаныя, прадпрыемствы і жыллё спалены. Ацаніць шкоду пакуль вельмі складана.
Грэцыя і Іспанія таксама змагаюцца з ляснымі пажарамі, выкліканымі працяглай анамальнай спякотай.
А ў Еўракамісіі на мінулым тыдні папярэдзілі: няўстойлівыя ўмовы надвор'я могуць стаць новай нормай. Калі тэрмінова — гэта значыць проста цяпер — нешта не зрабіць, сітуацыя выйдзе з-пад кантролю.
Тата можа ўсё што заўгодна
Французскі інжынер-робататэхнік Жан-Луі Канстанца вынайшаў рабатызаваны касцюм, які дапамагае людзям з інваліднасцю хадзіць.
Проста таму, што пра гэта папрасіў яго сын Оскар. Оскар перасоўваўся на інваліднай калясцы. А цяпер зрабіў крок наперад — літаральна — па дарозе да большай свабоды ў рухах.
Пакуль што ў адкрыты продаж такі экзашкілет не паступіў, але ён ужо выкарыстоўваецца ў дзясятках лякарняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.