Выпускі праграмы "вДудь" пра Беларусь прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі"
"Экстрэмісцкімі матэрыяламі" прызнанае і інтэрв'ю Юрыя Дудзя з беларускім стэндаперам Славам Камісарэнкам / Скрыншот з відэа
Як мінімум тры выпускі праграмы расійскага журналіста Юрыя Дудзя "вДудь" прызнаныя ў Беларусі "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска, паведамляе телеграм-канал ГУБАЗіК МУС.
Гаворка ідзе пра інтэрв'ю са стэндаперам Вячаславам Камісарэнкам і два фільмы – пра працу рэсурсу, які зрабіўся "галоўным медыя беларускага пратэсту", і пра хвалі беларускай эміграцыі пасля пратэстаў. Гэты другі фільм называецца "Як жыць, калі пазбаўляюць радзімы". Ён выйшаў у студзені 2022 года. У размовах з беларусамі, якім давялося з'ехаць з краіны, Дудзь спрабаваў зразумець, ці могуць рэпрэсіі ў Расіі дасягнуць такога ж узроўню.
"Падарожнічаючы па свеце, мы рэгулярна сустракалі беларусаў, якія страцілі радзіму — і іх гісторыі працялі наскрозь, — кажа журналіст у пачатку карціны. — Прычым гэта далёка не толькі творчая моладзь, якую прынята лічыць рухавіком пратэстаў. Сярод іх — інжынеры, вайскоўцы, работнікі бальніц і паліклінік, пенсіянеры".
У паведамленні ГУБАЗіК пра прызнанне гэтых праграм "экстрэмісцкімі матэрыяламі" назвы фільмаў і інтэрв'ю красамоўна абрэзаныя. Засталіся толькі ключавыя словы: "Камісарэнка...", "Як жыць..." і "...галоўнае медыя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.