"Я ў доміку, гэта не мая вайна — дзіцячае стаўленне": Чалы пра наш комплекс віны
Сімвалічная падтрымка Украіны ў вітрыне варшаўскай крамы / Еўрарадыё
У сацсетках прасоўваецца тэзіс "мы — акупаваная краіна, гэта не наша ўлада, мы не выбіралі Лукашэнку". Аналітык Сяргей Чалы адзначае ў гутарцы з журналістамі "Эха Москвы", што так спрацоўваюць у беларусаў ахоўныя псіхалагічныя механізмы.
— Гэта дзіцячае стаўленне да таго, што адбываецца. Маўляў, я ў доміку, гэта не мая вайна. На самай справе гэта нацыянальная ганьба і жахлівае прыніжэнне.
Украіна для нас адна з самых блізкіх краін. Для мяне гэта вайна маёй радзімы з маёй гістарычнай радзімай, я напалову ўкраінец. І калектыўная віна ёсць, будзе, яна нікуды не дзенецца. Давядзецца зжываць яе вельмі доўга, і мы ў вялікім даўгу перад Украінай.
Каментуючы акцыю супраць вайны ў Мінску ў дзень рэферэндуму, Чалы асобна спыняецца на абставінах, у якіх яна адбывалася. Для расійскіх журналістаў ён падрабязна тлумачыць сучасныя беларускія рэаліі.
— Вы, напэўна, з цяжкасцю ўяўляеце сабе становішча ў Беларусі. Гэта паўнавартасная дыктатура, дзейны палітычны вышук. Людзей затрымліваюць за ўсё, уключаючы колер шкарпэтак. Гэта сур'ёзна, без жартаў. Па колькасці людзей, якія сядзяць у турмах па палітычных справах, мы даўно пераплюнулі Германію 30-х гадоў.
Вялізныя персанальныя выдаткі выхаду на акцыі. Але ў гэтай дзікай сітуацыі яны адбыліся. Так, людзей вінцілі, больш за 800 затрыманых, але збірацца давалі. Я думаю, для Лукашэнкі вельмі важны быў аргумент: дзядзя Вова, вы паглядзіце, што робіцца ў мяне ў краіне! Што тыя, хто за мяне, што тыя, хто супраць мяне, у адзіным парыве дэманструюць: "Не вайне!".
Чалы не чакае, што сітуацыя ва Украіне супакоіцца, — ён чакае працягу паўнавартаснай вайны.
— Відавочна, што гэта далёка не тое, на што быў разлік. З іншага боку, кожная гадзіна супраціву ператварае гэтую вайну ў вайну, якую ў канчатковым выніку выйграе эканоміка. І мы цяпер бачым, што ўвесь свет гатовы падстаўляць плячо. Тым не менш я не думаю, што пералом наступіў, я думаю, што страшнае яшчэ наперадзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.