Як адмяніць Дэкрэт “аб дармаедах” законным чынам. Кароткая інструкцыя

На 6 траўня прызначанае галасаванне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў па Дэкрэце №3. Паводле Канстытуцыі, яны маюць поўнае права “завярнуць” дэкрэт на перапрацоўку. За гэта павінна прагаласаваць большасць дэпутатаў. Расказваем, што для гэтага можна зрабіць.

Крок 1

Прыдумаць і абгрунтаваць, чым вам не падабаецца дэкрэт “аб дармаедах”. У прынцыпе, для гэтага нават неабавязкова быць дармаедам самому. Можна проста засцерагчы сябе на будучыню — хто ведае, як яна складзецца. А калі вы насамрэч нідзе не працуеце, то і прыдумляць нічога не трэба.

Крок 2

Знайсці “свайго” дэпутата. Пры гэтым няважна, галасавалі вы за яго (што наўрад ці), альбо не (хутчэй за ўсё). Калі нехта з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад вашай акругі, ён аўтаматычна прадстаўляе там вашыя інтарэсы. Нават тады, калі яго прозвішча і імя вы ніколі не чулі.

Знайсці імёны дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прасцей за ўсё на яе сайце. Можна таксама пазваніць у гар-, альбо райвыканкам. Там таксама павінныя ведаць.

Крок 3

Перадаць дэпутату свае абгрунтаваныя прэтэнзіі. Гэта таксама не павінна быць складана. Усе кантакты ёсць на тым жа сайце Палаты прадстаўнікоў (хай будуць шчаслівыя людзі, якія прыдумалі інтэрнэт). Нават калі там не будзе прамога тэлефона да народнага абранніка, абавязкова будуць кантакты (часам нават мабільныя) яго памочнікаў. І электронная пошта, на якую можна даслаць зварот. У дадатак, да свайго дэпутата можна прыйсці на прыём і пагаварыць сам-насам. На травеньскія святы яны акурат будуць працаваць у акругах. Заадно і пазнаёміцеся.

Крок 4

Прасачыць, ці выканаў дэпутат абяцанне данесці на парламента вашыя прапановы (абяцанні гэта зрабіць хутчэй за ўсё будуць). Сачыць можна праз СМІ альбо на сайтах дзяржорганаў. Звычайна інфармацыя аб абмеркаванні неадназначных дакументаў не застаецца па-за ўвагай журналістаў.

Крок 5

Яшчэ раз сустрэцца альбо пазваніць ці напісаць ліст дэпутату з падзякамі. Ну ці зусім наадварот, калі ён гэтага не зрабіў. Адмяніць дэкрэт такія дзеянні не змогуць, але на сумленнасць народнага абранніка ў будучыні паўплываць могуць. Тэарэтычна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі