Як адзін беларускі балет выклікае ўжо другі скандал у Літве
У студзені 2018 года Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатр оперы і балета Беларусі плануе паказаць у Вільні балет "Вітаўт". Гэта культурная падзея ўжо стала нагодай для палітычных заяў.
"Адназначна негатыўна ацэньваю спробу арганізатараў выступу далучыцца да мерапрыемстваў стагоддзя аднаўлення дзяржавы. Звяртаю ўвагу, што гэты выступ ніяк не звязаны з праграмай стагоддзя аднаўлення Літоўскай дзяржавы, больш за тое, не атрымлівае ніякага фінансавання ад Міністэрства культуры. Па маім асабістым меркаванні, з улікам намаганняў нашых усходніх суседзяў выкарыстоўваць культуру і мастацтва як інструменты "мяккай сілы", арганізацыю такіх мерапрыемстваў проста перад днём незалежнасці Літвы трэба разглядаць як правакацыю", — заявіла міністр культуры суседняй краіны Ліяна Руакітэ-Ёнсан.
Начальнік аддзела сувязяў з грамадскасцю Беларускага тэатра оперы і балета Таццяна Аляксандрава так пракаментавала сітуацыю наконт выказванняў літоўскай чыноўніцы:
"Я цалкам згодна з выказваннем нашай амбасады ў Літве: як ў час перагавораў, дык гэта называецца нашай "агульнай гісторыяй і культурнай спадчынай", а насамрэч беларуская пастаноўка на гэту тэму для іх ужо "правакацыя". І ў дачыненні да канкрэтнага твора такія вось крокі? Я памятаю, чатыры гады таму на прэм'еры гэтага балета была падобная ж рэакцыя. Прайшло чатыры гады і рэакцыя не змянілася".
Еўрарадыё паразмаўляла з адным са стваральнікаў балета "Вітаўт" наконт агульнай беларуска-літоўскай гісторыі і прэтэнзіі літоўскіх уладаў да балета:
"Такая ж гісторыя была яшчэ 4 гады таму на прэм'еры. Прыязджаў прадстаўнік літоўскага парламента, паглядзелі гэты балет і потым мы вельмі міла паразмаўлялі, — кажа кампазітар Вячаслаў Кузняцоў, які напісаў музыку для балета "Вітаўт". — Там няма палітыкі, няма якіх-небудзь выпадаў у бок Літвы, там любоўная лінія, лінія жарсці — гэта балет. Яны тады яшчэ зразумелі, што няма да чаго прычапіцца. Ды і што дзяліць? Гэта ж наша агульная гісторыя. А цяпер, мабыць, новыя міністры і нейкая новая хваля".
Міністр культуры Літвы Ліяна Руакітэ-Ёнсан заняла гэту пасаду толькі ў снежні 2016 года і, відаць, прапусціла папярэдні скандал вакол балета "Вітаўт" і яго вырашэнне.
І сапраўды, у 2013 годзе, калі адбылася прэм'ера балета "Вітаўт", літоўскае выданне Lietuvos rytas абвінаваціла беларусаў, што яны жадаюць забраць сабе гісторыю Літвы. У гэтым артыкуле літоўскія гісторыкі звяртаюць увагу, што беларусы ўжо даўно апантаныя так званым "беларускім літвінізмам", як мінімум з 1989 года. Цяпер жа, лічаць яны, усё больш відавочным становіцца яго адабрэнне з боку ўладаў. Гісторык Альфрэдас Бумблаўскас адзначае: “Ідэі, што ВКЛ — гэта заслуга беларусаў, прытрымліваецца большасць гісторыкаў у Беларусі, хоць гэта і складана абгрунтаваць з навуковага пункту гледжання”.
Раніцай выказванне міністра культуры пракаментавала пасольства Беларусі ў Літве на сваёй афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку, гэты ж каментар апублікаваў і афіцыйны твітар МЗС нашай краіны:
У балеце распавядаецца гісторыя пра вялікага князя Вітаўта, яго жонку Ганну, якая аддала перавагу яму, а не яго стрыечнаму брату Ягайлу, пра крыўду Ягайлы з-за гэтага, пра яго жонку Ядвігу і супрацьстаянне Вітаўта і Ягайлы за ўладу. Сюжэт, паводле слоў стваральнікаў, "не прэтэндуе на абсалютную пэўнасць" і хутчэй "аўтарскае бачанне таго часу". У балеце разглядаюцца тэмы кахання і здрады, дзе Ягайла і Вітаўт намаляваныя як праціўнікі, хоць і ўмелі "шукаць кампрамісы". У балеце ёсць гістарычныя паралелі, напрыклад, забойства Кейстута яго пляменнікам Ягайлам, вяселле Ягайлы з польскай прынцэсай Ядвігай і супрацьстаянне розных галін літоўскіх князёў за ўладу.