Як беларусу атрымаць гуманітарную візу ў Польшчы
Беларусам будуць выдаваць польскія гуманітарныя візы / globe.by
Міністр замежных спраў Польшчы падпісаў распараджэнне аб выдачы гуманітарных і нацыянальных працоўных віз беларусам, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны. Дакумент апублікаваны 29 жніўня і набыў моц 30 жніўня 2022 года.
Склалі інструкцыю з адказамі на асноўныя пытанні, як і калі падацца і што для гэтага трэба.
1. Грамадзяне якіх краінаў могуць падавацца на нацыянальную візу?
Атрымаць візу паводле новага дакумента могуць грамадзяне Беларусі і Украіны.
2. Да якога чысла можна падаваць заявы на нацыянальныя і гуманітарныя візы?
Да 31.12.2022 года.
3. Які тып віз змогуць атрымаць беларусы?
Гуманітарныя візы, на падставе якіх людзі будуць мець магчымасць падаць заяву на часовае пражыванне тэрмінам на 3 гады.
Кіроўцы-міжнароднікі, якія перавозяць грузы і пасажыраў, змогуць атрымаць нацыянальныя працоўныя візы.
4. Пры якіх умовах дадуць гуманітарную візу?
Грамадзянін Беларусі можа падаць заяву з хадайніцтвам аб выдачы нацыянальнай візы міністру замежных спраў, калі ён знаходзіцца ў Польшчы на законных падставах — з дзейнай нацыянальнай візай, выдадзенай з гуманітарнай мэтай, — або прыбыў у Польшчу пасля 24 лютага 2022 года з Украіны, дзе да гэтага жыў легальна.
Чалавек, які падаецца на гуманітарную візу, павінен падпісаць заяву, што ён не можа вярнуцца ў Беларусь для яе атрымання праз магчымыя рэпрэсіі або пераслед з меркаванняў бяспекі.
5. Колькі віз плануецца выдаць беларусам?
Каля 155 тысяч. Гэтыя звесткі грунтуюцца на інфармацыі пра выдадзеныя дазволы на працу або запрашэнні для кіроўцаў-міжнароднікаў. А таксама на звестках пра перасячэнне мяжы беларусамі з тэрыторыі Украіны.
6. Калі закон набудзе моц?
Падаваць дакументы на атрыманне віз можна з 30.08.2022.
7. Куды падаваць дакументы?
На нацыянальную візу для працы кіроўцам — у ваяводскае ўпраўленне па месцы знаходжання. На гуманітарную візу — у фірмы-пасярэднікі, якія даставяць пакет дакументаў у МЗС. Спіс фірмаў яшчэ складаецца, але будзе даступны ў найбліжэйшы час.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.