Як камуністычная Куба нечакана дазволіла аднаполыя шлюбы
Нават Фідэль з часам пачаў заклікаць да талерантнасці / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Яшчэ пяцьдзясят гадоў таму на Кубе за гомасексуальнасць адпраўлялі ў спецыяльныя працоўныя лагеры — "выпраўляцца". Як і тады, сёння краінай кіруе Камуністычная партыя, а дзейнасць іншых забароненая. Таму ўдвая дзіўнае наступнае: улады ініцыявалі рэферэндум па папраўках у Сямейны кодэкс, якія прадугледжвалі легалізацыю аднаполых шлюбаў.
І ў камуністычнай краіне, пры гэтым дастаткова рэлігійнай, дзве траціны насельніцтва падтрымалі гэтую ідэю. Як так?
Урад быў "за"
Кубінскі ўрад сам ініцыявала змены ў законах. Ён жа публічна заклікаў людзей ухваліць папраўкі.
Выступаючы ў дзень галасавання, прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель сказаў, што чакае, што большая частка насельніцтва прагаласуе за, і што новы кодэкс адлюстроўвае разнастайнасць людзей, сем'яў і перакананняў.
На самай справе такая пазіцыя кубінскіх камуністаў — дастаткова паслядоўная. З 1980-х у плане стаўлення да ЛГБТ у краіне пачалася паступовая лібералізацыя, а ў пачатку дзевяностых Фідэль Кастра заяўляў, што супраць абмежавальнай палітыкі ў дачыненні да квір-супольнасці. Неўзабаве геям дазволілі служыць у кубінскай арміі.
Вядома, ганенні на ЛГБТ-супольнасці заставаліся, уключаючы пагромы гей-клубаў. Але паступова сітуацыя паляпшалася. Нашмат пазней, ужо ў сваёй біяграфіі "Маё жыццё", Кастра асудзіў маскулінную культуру Кубы і заклікаў прымаць гомасексуальнасьць.
Пазней да ўлады прыйшоў Рауль Кастра, а за ім — Дыяс-Канель. Паступовая трансфармацыя палітычнай сістэмы Кубы адбывалася ў тым ліку з папраўкамі ў Канстытуцыю. А некалькі гадоў таму актывісты і нават улады сур'ёзна загаварылі пра магчымасць легалізацыі аднаполых адносін, бо гэта не супярэчыла Канстытуцыі.
Вырашальную ролю ў схіленні грамадскай думкі на карысць зменаў адыграла... пляменніца Фідэля Кастра.
Кастра за раўнапраўе
Дачка Рауля Кастра, Марыэла Кастра — вядомая не толькі на Кубе, але і ва ўсім свеце актывістка за раўнапраўе. Шчаслівая жонка і маці, яна змагаецца за правы жанчын і ЛГБТ-супольнасці на "востраве свабоды". Прозвішча і сувязі ёй у гэтым вельмі дапамагаюць — акрамя таго, яна карыстаецца павагай многіх.
Марыэла Кастра далёка не фанатка ліберальнай дэмакратыі ў заходнім разуменні: яна, як і ўлады краіны, застаецца перакананай марксісткай. Пры гэтым яна інтэрпрэтуе свае погляды як неабходнасць барацьбы за правы прыгнечаных.
Пакуль прадстаўнікі кубінскай квір-супольнасці святкуюць перамогу, у многіх заходніх выданнях западозрылі, што такім крокам Куба спрабуе "падміргнуць" ЗША і Еўрасаюзу. Тыя сапраўды прывіталі змены — аднак і нагадалі пра неабходнасць датрымання іншых правоў чалавека, з чым на Кубе пакуль не ідэальна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.