Вясёлка і ультрас: як у Бялградзе прайшоў галоўны гей-прайд Еўропы

Еўрапрайд у Бялградзе / фота AP, калаж Еўрарадыё
Еўрапрайд у Бялградзе / фота AP, калаж Еўрарадыё

"Хочаце бясплатны дажджавік? Яшчэ можам прапанаваць прайсці тэст на ВІЧ і пранцы, таксама бясплатна", — сустракае на ўваходзе ў бялградскі стадыён "Ташмайдан" дзяўчына.

Вечар суботы, менш за суткі да Еўрапрайду — мерапрыемства, на якое з'язджаюцца госці не толькі з Еўропы, але і з ЗША, Кітая, Аўстраліі і іншых краін. Свайго роду pre-party — канцэрт на стадыёне напярэдадні. Увесь дзень у Бялградзе залевы, таму людзей не так шмат, але знаходзяцца і гатовыя глыбока за поўнач танцаваць пад дажджом.

Гледачы ідуць праз парк "Ташмайдан" міма помніка Гейдару Аліеву — бацьку цяперашняга прэзідэнта Азербайджана. Наўрад ці ён мог уявіць сабе, што будзе суправаджаць ЛГБТ-моладзь на мерапрыемства з бясплатнымі прэзерватывамі і дрэг-шоу.

Каб прайсці да стадыёна з любога з бакоў, трэба абмінуць кардоны паліцыі: іх амаль столькі ж, колькі было 9–11 жніўня 2020-га ў цэнтры Мінска. Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч забараніў прайд, але паліцэйскія ўсё роўна прыйшлі: не каб перашкодзіць збірацца на прэ-паці, а каб засцерагчы гледачоў ад крайне правых і рэлігійных актывістаў, якія паабяцалі не даць адбыцца асноўнаму мерапрыемству. Але ў гэты вечар правых тут не было — яны рыхтавалі сілы для асноўнага дня.


"Гэта перфоманс для Еўропы"

Арганізатары давалі на збор удзельнікаў прайду паўтары гадзіны: меркавалася, што ўсе прыйдуць на адну з галоўных вуліц, да Канстытуцыйнага суда, каб выказаць пратэст супраць палітыкі сербскіх уладаў у дачыненні да ЛГБТ, а потым пройдуць маршам да таго ж стадыёна "Ташмайдан". Першапачаткова план быў іншы, але пасля рашэння Вучыча яго давялося карэктаваць.

У суботу план зноў прыйшлося мяняць: літаральна за гадзіну да мерапрыемства прэм'ер-міністр краіны Ана Брнабіч заявіла, што прайд адбудзецца і што яна гарантуе яго бяспеку.

Прайсці да Канстытуцыйнага суда немагчыма: усе праходы перакрытыя кардонамі.

Радуга и ультрас: как в Белграде прошёл главный гей-прайд Европы

— Хто-небудзь гаворыць па-англійску? — пытаем групу паліцэйскіх.

Тыя пераглядаюцца, потым адзін з іх кажа "No" і паказвае рукой у бок: маўляў, адыдзіце. Усё адбываецца на скрыжаванні: з абодвух бакоў стаяць кардоны, а паміж імі аказваюцца "закрытыя" больш за тысячу людзей. Нельга ні разысціся, ні прайсці да месца прайду. У такой жа сітуацыі і еўрапейскія дыпламаты, якія вырашылі падтрымаць удзельнікаў мерапрыемства.

— Мы самі не ведаем, што далей рабіць, — кажа адна з прадстаўніц дыпкорпуса. У яе ў руках — невялікі вяселкавы сцяжок з зоркамі Еўрасаюза. — Чакаем, пакуль што нічога не зразумела.

Паліцэйскія перакрываюць дарогу не проста так: адразу за імі — група правых і рэлігійных актывістаў, у тым ліку футбольныя фанаты. Яны крычаць праклёны на адрас удзельнікаў прайду, часам пачынаюць скандаваць "Сям'я, сям'я!" і часам спрабуюць прарвацца праз ачапленне.

Сярод удзельнікаў прайду — не толькі прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці, але і так званыя ally (ад англійскага — хаўруснікі). Напрыклад, Міра — да выхаду на пенсію яна была тэхнічным работнікам на мясцовым тэлебачанні, а цяпер падтрымлівае рухі за змены ў краіне.

— Усё, што адбываецца, — кажа Міра і ківае ў бок паліцэйскіх і правых актывістаў. — Перфоманс. Перфоманс для Еўропы і для прагрэсіўных сербаў. Яны спрабуюць паказаць, нібыта абараняюць нас, а насамрэч не даюць нармальна правесці прайд. І так не толькі з прайдам, з усімі нашымі акцыямі такое адбываецца. Гэта нацыяналісты Вучыча, ён іх пасылае, а потым як бы стрымлівае.

— Навошта яму гэта?

— Спрабуе ўседзець адразу на многіх крэслах, — усміхаецца Міра. — І Бруселю нешта паказаць, і мясцовымі нацыяналістам, і Маскве... Але цяпер у нас у некаторых сферах сітуацыя нават горшая, чым была пры Югаславіі, разумееце? Краіна ідзе не туды.

Паліцэйскія не даюць удзельнікам прайду набліжацца да свайго кардона, але малады хлопец спрабуе падысці і шырока падымае свой плакат на сербскай, каб яго было відаць сапернікам прайду. Ён прызнаецца, што англійскую ведае дрэнна, але тлумачыць сутнасць плаката: "Спачатку яны хочуць забараніць ЛГБТ, потым будуць правы жанчын і гэтак далей".

Такі тэзіс падтрымліваюць многія. Адзін з плакатаў гаворыць "Калі няма роўнасці для ўсіх, то яе няма ні для кога".


"Лепш, чым у Расіі і Беларусі"

У такім становішчы, зачыненымі з двух бакоў кардонамі паліцыі, людзі праводзяць гадзіну. Каля адной з зачыненых праз мерапрыемства крамаў стаяць Амір, Лёша і Соня — яны з Расіі, перабраліся ў Сербію неўзабаве пасля пачатку вайны.

— Прайд — гэта пра тое, што трэба паказаць сябе, каб грамадства ведала, што мы ёсць, — кажа Соня. — Бо калі кагосьці не бачаць, то псіхіка ўладкаваная так, што ўспрымаюць яго варожым. Гэта можна выпраўляць.

— Вось бачыш, тут нас паліцэйскія хоць бы абараняюць ад футбольных фанатаў, — дадае Амір. — А як было б у нас дома? Страшна ўявіць, па праўдзе кажучы. Мы тут ужо больш за паўгода, але калі столькі паліцэйскіх з'явілася, трохі напружыліся. Але не думаю, што нешта будзе, хоць гэта і Сербія, тут лепш, чым у Расіі ці Беларусі. Як расказваў мне адзін сербскі сябар, гадоў дзесяць таму прайд закідвалі кактэйлямі Молатава... Сёння такога ўжо няма — прагрэс.

Праз гадзіну паліцэйскія перагрупоўваюцца: яны ствараюць калідор, па якім можна прайсці да вуліцы, дзе плануецца пачатак шэсця. Уздоўж усяго маршруту стаіць ахова. Праз пяцьсот метраў злева відаць група рэлігійных фанатаў: яны спяваюць і высока падымаюць плакаты з лозунгамі супраць прайду, але не могуць падысці. Проста на дарожцы стаіць жанчына, яна адной рукой накіроўвае на ўдзельнікаў мерапрыемства крыж, другой — здымае гэта на відэа, і чытае малітвы. Тыя, хто праходзіць міма, шлюць ёй паветраныя пацалункі.

Радуга и ультрас: как в Белграде прошёл главный гей-прайд Европы

Злева, дзе сабралася пара сотняў рэлігійных фанатаў, гучаць напевы, справа — песні Рыяны і Беёнсэ. Там ужо стаіць невялікая платформа і сабралася некалькі тысяч чалавек. Вясёлкавыя сцягі, плакаты, арыгінальныя касцюмы (адзін з удзельнікаў прыехаў з Італіі і апрануўся як Ісус: цярновы вянок, а замест тогі — ЛГБТ-сцяг). Хтосьці прыйшоў са сцягамі сваіх краін: Германіі, Ізраіля, Лівана. Побач — будынак амбасады Чэхіі, там на балконе стаіць група дыпламатаў, махае прысутным.

— Гэта — маскот бялградскага прайду, яго завуць Шчасце, — кажа жанчына, якая стаіць у пачатку калоны і паказвае ляльку. — Ён нам і ўдачу прынясе.

Сфармаваную калону з усіх бакоў ахоўваюць паліцэйскія і мужчыны ў майках "security". Моцна гучыць ABBA, група дыпламатаў фатаграфуецца з еўракамісарам па роўнасці, якая прыбыла на прайд. Група моладзі абменьваецца кантактамі. А злева, на сцяне аднаго з дамоў, намаляваная літара Z, тамсама надпіс пра 9 траўня. Хтосьці пазней паспрабаваў перакрыць літару ўкраінскім сцягам.

Дарога калоны да парку праходзіць праз царкву святога Марка. Яна цалкам ачэпленая, на прыступках стаіць група пратэстоўцаў, яны высока падымаюць крыжы. Як толькі калона набліжаецца да царквы, б'юць званы — і не перастаюць, пакуль апошнія не адыходзяць досыць далёка. Праціўнікі прайду не толькі тут: у іншых частках горада, таксама перакрытых паліцэйскімі, адбываюцца жорсткія сутыкненні. Затрымана больш за 60 чалавек. Але пра гэта ўдзельнікі прайду даведаюцца толькі потым, з навін.

Зноў прайшоўшы міма помніка Гейдару Аліеву, усе набліжаюцца да стадыёна. На ўваходзе некалькі мужчын раздаюць папяровыя бранзалеты.

— Гэта тупое правіла, але без яго нельга. Не я прыдумаў гэтае правіла, яно мне наогул не трэба: я, можа, праз гадзіну буду на сцэне голым, а тут гэты ідыятызм, — наракае адзін з іх.

Частка людзей адразу ідзе да гандлёвых пунктаў, дзе можна ўзяць газіроўку ці піва. Іншыя займаюць месца пад сцэнай, дзе ўжо пачыналіся пэрфомансы. Так заканчваўся галоўны еўрапейскі гей-прайд: канцэртам-вечарынай да глыбокай ночы.

Паліцэйскія па-ранейшаму перакрываюць частку Бялграда — яны не рухаюцца з месца да глыбокай ночы. Сур'ёзных інцыдэнтаў удаецца пазбегнуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі