Як Майдан падзяліў украінскіх медыкаў

На Майдане шмат людзей у белых накідках з чырвонымі крыжамі. Збольшага гэта студэнты медыцынскіх ВНУ, але трапляюцца і ўжо дыпламаваныя дактары.

“Я Андрэй, лекар. Працую тут, пакуль не заменяць. Зараз вось, напрыклад, не спаў ужо больш за 28 гадзін… Пакуль спакойна, лекі сартую, падбіраю па захворваннях. У асноўным у нас тут “Чырвоны крыж”, іх дактары. Але пакуль нікога няма, то я працую”.

Андрэю на выгляд каля трыццаці, ён бегае паміж трэцім і першым паверхамі Дома прафсаюзаў — тут размяшчаецца так званы Штаб рэвалюцыі і адразу некалькі медпунктаў. На першым паверсе можна атрымаць простыя лекі ад прастуды, грыпу і галаўнога болю. Тут жа ставяць простыя дыягназы. На трэцім паверсе нешта накшталт “амбулаторыі” — на падлозе аформленыя лежакі для асабліва хворых, у паветры моцны пах мікстур і мазяў. Фатаграфаваць мне тут катэгарычна забараняе ахова медпункта. Прычын не тлумачаць, але здагадацца лёгка — развалы з вопраткай і скрынкамі з-пад лекаў мала падобныя на нават імправізаваны шпіталь, пра стэрыльнасць, чысціню і хаця б цеплыню і гаворкі няма.

Лекар Андрэй гаворыць, што ў “мірны час” на Майдане хварэюць ў асноўным на прастуду, але бываюць і больш сур’ёзныя здарэнні.

“Цяпер галоўныя хваробы — прастуда, грып. Бывае, што чалавек упадзе аднекуль, паслізнецца — таксама дапамагаем. Сёння пяць такіх выпадкаў было. Пералом нават. Са страўнікамі бываюць праблемы ў людзей таксама. Але гэта асноўнае, пасля завяршэння сутычак сур’ёзных раненняў няма”.

Ёсць медпункты і на Грушэўскага. Адзін з іх ля самай “перадавой” — размяшчаецца ў фае адміністратыўнага будынку метраў за 50 ад пазіцый “Беркута”. Яшчэ адзін бліжэй да Еўрапейскай плошчы — у невялікім старым будынку. На яго ганку мяне сустракаюць чатыры моцныя хлопцы ў брудных белых накідках і падраных пластыкавых касках з налепленым на іх чырвоным крыжам. На нагах у хлопцаў сінія бахілы. Старэйшы гаворыць, што ў медпункт прайсці нельга — гэта аперацыйная.

“Сюды нельга прайсці, нікога не пускаем — каранцін. Самі заходзім толькі ў бахілах. Там аперацыі праводзяць”.

Расказвае, што ў яго абавязкі ўваходзіць прыносіць параненых ад барыкадаў сюды і перадаваць дактарам. Зараз ужо ціха, а вось падчас сутычак было горача — было шмат параненых у твар, пластыкавыя кулі выбіваюць вочы, прабіваюць скуру і там застаюцца. Тут жа спрабавалі выратаваць параненага ў лёгкае дэманстранта. Але не здолелі — ён памёр праз некалькі дзён у лякарні.

З імі, дарэчы, не так проста. Большасць раненых ля барыкадаў на Грушэўскага стараюцца не звяртацца туды і пасля дапамогі ў медпункце шукаюць прыватных спецыялістаў. На Майдане перакананыя, што лякарні “здаюць” параненых міліцыі, і расказваюць пра мноства такіх выпадкаў.

Тым часам некаторыя прыватныя клінікі пачалі прапаноўваць бясплатнае лячэнне абаронцам Грушэўскага. Майдан падзяліў нават украінскіх медыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі