Як расіяне выводзяць грошы на Захад праз Беларусь (злачынная схема)

У чым праблема

Дэпартамент фінансавага маніторынгу (фінансавая разведка) Камітэта дзяржкантролю 29 сакавіка паведаміў пра рост колькасці спробаў незаконнага пераводу расійскіх капіталаў на Захад праз Беларусь. “Як толькі выбухнуў фінансавы крызіс у Расійскай Федэрацыі, то мы бачым, як несумленныя грамадзяне спрабуюць праз нашу банкаўскую сістэму выводзіць актывы ў трэція краіны”, — расказвае кіраўнік дэпартамента Вячаслаў Рэўт.

Па словах чыноўніка, КДК штодня атрымлівае больш за 400 паведамленняў аб падазроных банкаўскіх аперацыях.

Як гэта працуе

Афіцыйны прадстаўнік партнёра кампаніі “Альпары” ў Беларусі, аналітык Вадзім Іосуб расказвае, што схема вываду грошай праз Беларусь даволі простая: “Расійская кампанія аплачвае імпарт з Беларусі. Беларуская кампанія для гэтага ўказвае рахунак у заходнім банку. А прадукцыя ў Расію нібыта паступае з тэрыторыі Беларусі. Фокус у тым, што ў нас няма мытнай мяжы. Адпаведна, пракантраляваць гэта немагчыма”.

Афіцыйнай інфармацыі пра задзейнічаных схемах не існуе, яна не афішуецца. Пытанне выкарыстання Беларусі ў якасці моста для вываду капіталаў перыядычна ўздымаецца як беларускім бокам, так і Цэнтрабанкам РФ. Аднак перакрыць гэты канал пакуль ніхто не змог. Упершыню беларускія таварна-транспартныя накладныя ў схемах вываду грошай з Расіі былі заўважаныя яшчэ ў 2009 годзе.

Ці адбіваецца гэта на іміджы Беларусі

“Я не думаю, што гэта можа паўплываць на імідж Беларусі. Па-першае, схема распрацаваная не ў Беларусі. Па-другое, гэта мінус расійска-беларускай інтэграцыі. Такія праблемы, відавочна, не былі ўлічаныя падчас стварэння, у тым ліку, Мытнага саюза”, — перакананы Вадзім Іосуб.

Два гады таму некаторыя падрабязнасці гісторыі агенцтву “Бізнэс-навіны” расказваў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Тарас Надольны. Згодна з яго інфармацыяй, фірмы, якія нібыта павінны пастаўляць беларускі тавар у Расію з аплатай на заходнія рахункі, ствараюцца ў Беларусі самімі расіянамі. І знікаюць адразу ж пасля пераводу грошай. То бок беларускі бок у схеме фактычна не задзейнічаны, а грошы ідуць у абыход нашай краіны.

Што рабіць расійскім уладам?

Вадзім Іосуб мяркуе, што існуе фактычна адзіны спосаб перакрыць несумленным расійскім бізнэсоўцам “беларускую браму”: “Не дазваляць аплачваць беларускую прадукцыю на рахункі ў трэціх краінах”. Аднак пакуль Цэнтральны банк Расіі па нейкай прычыне гэтага не робіць і расійскія грошы працягваюць незаконна перацякаць у заходнія банкі.

Ці могуць беларусы скарыстацца такой жа схемай

Не могуць. Адкрыць рахунак у замежным банку беларуская фірма можа толькі пасля атрымання дазволу ад Нацыянальнага банка. Уся валютная выручка беларускіх кампаній, як дзяржаўных, так і прыватных, павінна прыходзіць на рахункі ў беларускіх банках. Гэта робіць выкарыстанне распрацаванай расіянамі схемы практычна немагчымым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі