Як РНЕ-шнік з'ехаў з Беларусі на вайну ва Украіну і стаў доларавым мільянерам

Як РНЕ-шнік з'ехаў з Беларусі на вайну ва Украіну і стаў доларавым мільянерам

Пасля Еўрамайдана і прыходу да ўлады ў Кіеве праціўнікаў Януковіча быў прыняты закон, згодна з якім, усе дзяржаўныя служачыя Украіны павінны публікаваць звесткі аб сваёй уласнасці. Інфармацыя размяшчаецца ў Адзіным дзяржаўным рэестры дэкларацый Украіны і яе можа знайсці кожны, хто мае доступ да інтэрнэту. Дзякуючы гэтаму, да журналістаў трапілі звесткі аб маёмасці, якая цяпер належыць начальніку аддзела паліцыі аховы аб'ектаў стратэгічнага значэння Украіны Сяргею Кароткіх. У Беларусі Сяргея Кароткіх больш ведаюць як актыўнага удзельніка РНЕ і неанацыста па мянушцы "Малюта".

 

Што ён задэклараваў

Набытыя ў 2015 годзе кватэру ў Кіеве плошчай каля 70 квадратаў і коштам прыкладна 70 тысяч долараў і палову кватэры пад Кіевам плошчай 74 квадраты і коштам 20 тысяч долараў. Каштоўныя гадзіннік і асадку агульным коштам больш за 10 тысяч долараў, набытыя, згодна з дэкларацыяй, яшчэ падчас жыцця ў Беларусі ў 2013 годзе. Чэшскі вучэбна-баявы самалёт L-39. Згодна з дэкларацыяй, ён знаходзіцца ў разабраным стане і каштуе 1500 долараў. Дзесяць такіх вучэбна-баявых знішчальнікаў знаходзяцца на ўзбраенні беларускай арміі, кошт кожнага ― 200-300 тысяч долараў.

І яшчэ грошы. 500 тысяч грывен (23 тысячы долараў), 135 тысяч еўра і 223 тысячы долараў наяўнымі. Акрамя гэтага Сяргей Кароткіх сумленна задэклараваў, што пазычыў некаму яшчэ 565 тысяч еўра.

 

Што тут не так

Згодна з дэкларацыяй аб прыбытках, у 2015 годзе начальнік аддзела паліцыі аховы аб'ектаў стратэгічнага значэння Украіны Сяргею Кароткіх зарабіў 78 тысяч грывен (3570 долараў). Такім чынам, яго месячны заробак складаў менш за 300 долараў. Ва Украіну Кароткіх з'ехаў у 2014 годзе, пашпарт грамадзяніна Украіны атрымаў у снежні таго ж года з рук прэзідэнта Пятра Парашэнкі як падзяку за удзел у баявых дзеяннях пад Ілавайскам і Марыупалем. Вядома, што Кароткіх ваяваў у складзе полка "Азоў", вядомага сваёй радыкальнай накіраванасцю. Паводле інфармацыі украінскіх СМІ, у "Азове" ён кіраваў службай разведкі.

Як РНЕ-шнік з'ехаў з Беларусі на вайну ва Украіну і стаў доларавым мільянерам
Сяргей Кароткіх у Кіеве. Фота belaruspartisan.org

Выгналі са школы КДБ за сувязі з БНФ

У Беларусі Сяргей Кароткіх больш вядомы пад мянушкай "Малюта". Нарадзіўся ў расійскім Тальяці ў 1974 годзе, але потым пераехаў разам з бацькамі на іх радзіму ў Беларусь. З 1992 па 1994 служыў у беларускай арміі, атрымаў спецыяльнасць спецыяліста тэхнічных сродкаў разведкі. Служыў у разведвальным батальёне. Пасля службы ў войску паступіў у школу КДБ, дзе адвучыўся толькі два гады. Па словах самога Кароткіх, яго выгналі за ўдзел у Чарнобыльскім шляху 1996 года. У той жа перыяд, як прызнаваўся "Малюта", ён актыўна падтрымліваў сувязі з апазіцыянерамі, заходзіў на мінскую Управу БНФ на Варвашэні.

 

Сяброўства з Ігнатовічам і ўдзел у РНЕ

З 1999 па 2001 год Сяргей Кароткіх з'яўляецца актывістам РНЕ ў Беларусі. Сябруе з лідарам арганізацыі Глебам Самойлавым і Валерыем Ігнатовічам. У тым жа 1999 годзе Сяргей Кароткіх удзельнічае ў нападзенні на Андрэя Саннікава, Дзмітрыя Бандарэнку і Алега Бябеніна. Усе трое атрымалі цяжкія траўмы і трапілі ў бальніцу. "Канфлікт адбыўся з-за таго, што дзяўчаты з РНЕ за тыдзень да здарэння раздавалі літаратуру недалёка ад сядзібы БНФ. У гэты дзень праходзіў штотыднёвы сход партыі. Яны ў гэтых дзяўчат адабралі літаратуру, абяцалі забіць, збіць, і каб яны больш тут не з'яўляліся. Адпаведна, гэта быў выклік для нас, які мы прынялі. І на наступнае іх мерапрыемства зладзілі тое ж самае ― адправілі тых жа самых дзяўчынак з той жа самай літаратурай, а самі селі ў засаду. І калі яны спрабавалі паўтарыць тое ж самае, была бойка, і яны пабеглі. Гэта звычайная субкультурная разборка", ― расказваў Кароткіх у інтэрв'ю "Беларускаму партызану". Па версіі Саннікава і яго паплечнікаў, нападзенне было арганізаванае беларускімі спецслужбамі.

 

Сутычкі з беларускімі антыфашыстамі

У 2000 годзе у Гродна забіваюць лідара беларускай філіі РНЕ Самойлава, у Мінску за арганізацыю забойства журналіста Дзмітрыя Завадскага садзяць у турму Ігнатовіча. Кароткіх выходзіць з арганізацыі, якая фактычна спыняе існаванне і на нейкі час знікае з інфармацыйнай прасторы. Па некаторых звестках, "Малюта" з'язджае ў Расію. У Мінску аб'яўляецца толькі прыкладна праз дзесяць гадоў. Яго імя зноў звязанае з расійскімі неанацыстамі. У 2013 годзе Кароткіх арыштавалі ў Мінску за ўдзел у бойцы з антыфашыстамі, якія напалі на іншага расійскага нацыяналіста па мянушцы "Цясак". "Малюту" падазравалі ў тым, што ён нанёс нажавыя раненні аднаму з нападаючых. Аднак справу хутка закрылі.

 

Патрыёт Украіны

"Лепшыя нашы воіны, лепшыя валанцёры, якія прадэманстравалі, што яны на рускай, беларускай, англійскай ці любой іншай мове любяць Украіну не менш, чым яе любяць на ўкраінскай, якія гатовыя аддаць сваё жыццё за яе незалежнасць, заслугоўваюць насіць вялікае і годнае званне грамадзяніна Украіны", ― казаў Пётр Парашэнка, уручаючы украінскі пашпарт Малюце.

12 жніўня 2016 Сяргей Кароткіх трапіў у СМІ праз тое, што абедаў разам з сынам міністра унутраных спраў Украіны Арсэна Авакава Аляксандрам. У Авакава-малодшага падчас абеду скралі кашалёк. Журналісты пісалі, што абед Авакава і Малюты (ва Украіне ў Кароткіх з'явілася таксама мянушка "Боцман") ахоўвалі падначаленыя беларуса, а сам ён прыехаў у рэстаран на шыкоўнай Toyota Tundra.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі