Які прыбытак атрымлівае дзяржава ад “спайса”?

“Спайс” канфіскуюць у даход дзяржавы, але куды яго дзяюць далей, дакладна не ведаюць ні міліцыя, ні суддзі Сталічныя праваахоўнікі  сур'ёзна ўзяліся за распаўсюджвальнікаў курыльнай сумесі “спайс”, пра якую паведамляла Еўрарадыё. Прадаецца "спайс" прыватнымі гандлярамі праз Інтэрнэт. Прычынай пераследу міксу з боку міліцыянтаў стала тое, што ў ім ёсць псіхатропныя рэчывы.

Праўда, справа ўскладняецца тым, што тыя кампаненты курыльнай сумесі, якую дактары і міліцыянты прылічылі да псіхатропных рэчываў, не ўнесеныя Міністэрствам аховы здароўя ў спіс забароненых. Таму прадаўцоў "спайсу" міліцыянты не могуць прыцягнуць да адказнасці як распаўсюджвальнікаў наркатычных сродкаў. А толькі — за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Увесь жа канфіскаваны ў “прадпрымальнікаў” касмічны тавар знішчаецца. Пра гэта Еўрарадыё распавёў супрацоўнік прэс-службы РАУС Мінгарвыканкама Яўген Сачык.

Яўген Сачык:
“Часцей за ўсё ён знішчаецца. Якім чынам — не гатовы сказаць”.

Прысуды гандлярам "спайса" за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць выносіць Гаспадарчы суд. Паводле слоў судовага выканаўцы Гаспадарчага суда Мінска, самая распаўсюджаная сума штрафу за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць — 1 мільён 50 тысяч рублёў. Але дакладна адказаць, куды знікае канфіскаваны ў гандляроў "спайс", не змаглі і ў судзе.

Судовы выканаўца: “Не маю аніякага ўяўлення. Я так разумею, гэта маёмасць, якая адышла ў прыбытак дзяржавы. Аддзел выканання пастаноў Гаспадарчага суда горада Мінска і ўвогуле гаспадарчых судоў не займаецца маёмасцю, якая пайшла ў прыбытак дзяржавы. Камісія ёсць пры гарвыканкаме — туды і здаюць гэтую маёмасць, але не нам. Мы толькі штрафы выконваем”.

Вось толькі даведацца хоць нейкія каардынаты мінгарвыканкамаўскай камісіі альбо прозвішчы людзей, якія ў гэтай камісіі працуюць, у Еўрарадыё не атрымалася.

Між тым, міліцыянты спадзяюцца, што ў хуткім часе яны перастануць затрымліваць гандляроў "спайсам" за незаконнае прадпрымальніцтва, а будуць — за незаконнае абарачэнне наркатычных і псіхатропных рэчываў. Але для гэтага неабходна, каб Міністэрства аховы здароўя ўнесла небяспечныя для здароўя кампаненты "спайса" ў спіс забароненых. Праўда, калі гэта надарыцца, у прэс-службе міністэрства адказаць не здолелі.

У той жа час не толькі гандляры касмічнай курыльнай сумессю патрапілі пад пільную ўвагу сталічных міліцыянтаў. Як паведаміў Еўрарадыё Яўген Сачык, зараз яны “прапрацоўваюць” усе мінскія кальян-бары. Правяраюць: што там насамрэч кураць.

Яўген Сачык: “Мы зараз вядзем працу па ўсіх накірунках — і прафілактычную, і аператыўную. У тым ліку і па нешматлікіх кальян-барах. Правяраем легальнасць набыцця таго рэчыва, што там паляць”.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі