Які закон парушыў бяздомны з сабакам, калі заснуў у падземным пераходзе?

Які закон парушыў бяздомны з сабакам, калі заснуў у падземным пераходзе?

Днём 28 красавіка ў пераходзе ля станцыі метро "Пятроўшчына" ў Мінску міліцыянт праганяе бяздомнага з сабакам ― той вырашыў паспаць проста на цвёрдай падлозе, бо на вуліцы дождж. Праганяе актыўна, з падножкай мужчыну і пінком у бок сабаку. Гэтая сцэна робіць шмат шуму ― выпадковая сведка здымае яе на тэлефон, відэа выкладвае ў сацсеткі. На форумах, у блогах абурэнні, маўляў, міліцыя зноў паказала сябе не з лепшага боку. Міліцыя дае сваю версію, пачынаецца праверка. Еўрарадыё разбіраецца, як інцыдэнт выглядае з юрыдычнага пункту гледжання.

 

Спаць у пераходзе, значыць, парушаць грамадскі парадак

 

Асноўная прэтэнзія да мужчыны з сабакам з "Пятроўшчыны", выказаная праваахоўнікамі, ― сон у падземным пераходзе. Юрыст Уладзімір Лабковіч кажа, што ў Беларусі такія дзеянні насамрэч лічацца парушэннем грамадскага парадку і міліцыя можа іх трактаваць нават як хуліганства:

"Фармальна сон у падземным пераходзе можна пры жаданні тлумачыць, як хуліганства. Бо гэта парушэнне грамадскага парадку ― у беларускім грамадстве склалася такая традыцыя, такое разуменне, што спаць у падземным пераходзе нельга", ― кажа Лабковіч.

Разам з тым юрыст перакананы, што дзеянні міліцыянта з відэа таксама супярэчаць беларускім законам. Бо аматар паспаць у пераходзе не ўяўляў небяспекі ні для сябе, ні для навакольных:

"Перавышэнне паўнамоцтваў, парушэнне Закона аб органах унутраных спраў. Падставаў для прымянення фізічнай сілы не было. Гэты грамадзянін не прадстаўляў пагрозы ні для сябе, ні для некага навокал. Ні для супрацоўнікаў міліцыі. І нават калі супрацоўнік міліцыі вырашыў, што фармальна ёсць падставы перашкодзіць парушэнню заканадаўства, то, на маю думку, у дадзеным выпадку прымяненне сілы было беспадстаўным".

Які закон парушыў бяздомны з сабакам, калі заснуў у падземным пераходзе?

Сведка здарэння: Міліцыянт ударыў сабаку, бо ён заступіўся за гаспадара

“Ён сярэдняга ўзросту, але не стары. Выглядае не як бомж. Вось калі б вы не памыліся нейкі час, то былі б такім ж. Сама дала яму тры з лішкам тысячы: гэта вашаму сабачку.

Сядзець у пераходзе можна, гандляваць ― нельга!

 

Як сябе паводзіць у падземных пераходах, каб не зацікавіць міліцыю? Юрыст кажа, што стаяць і нават сядзець там можна спакойна. А вось гандляваць, як і спаць —не. У Беларусі гандляваць без адмысловага дазволу ўвогуле забаронена:

"Сядзець на падлозе можна. Гэта не будзе лічыцца парушэннем парадку, калі чалавек у цвярозым стане і не парушае спакой акружаючых. А гандаль у падземных пераходах забаронены. І тэхнікай бяспекі, і ў прынцыпе гандаль у Беларусі дазволены толькі ў дазволеных месцах. Таму, калі чалавек не мае такога дазволу, то ён парушае закон".

А вось у мінскім метрапалітэне ад нейкай датычнасці да гісторыі з міліцыянтам, бяздомным мужчынам і яго сабакам адхрышчваюцца. Прэс-сакратар Андрэй Кузьмін паведамляе, што метро пачынаецца за дзвярамі вестыбюля і ніяк не раней:

"Тэрыторыя метрапалітэна пачынаецца там, дзе ёсць дзверы ў вестыбюль станцыі. Уся дзейнасць метрапалітэна падпарадкоўваецца правілам перавозак пасажыраў. Іх можна ў нас на сайце ўбачыць, яны зацверджаныя Саветам міністраў у, здаецца, 2014 годзе. Што тычыцца паводзінаў у пераходах, тут не наша кампетэнцыя".

З іншага боку, калі вы засняце на пероне станцыі метро, то вас таксама выведуць ― такія правілы.

Чым скончыцца ўся гісторыя, пакуль не вядома. Міліцыя каментаваць справу адмаўляецца катэгарычна. Вядома толькі, што праводзіцца праверка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі