Яны схаваліся ад палітыкі ў гета пад Мінскам. Але аўтазак усё роўна прыехаў
Пётр Старычэнка і Канстанцін Рускіх / Еўрарадыё
14 ліпеня ў элітны раён Новая Баравая пад Мінскам раптам прыехаў аўтазак. Дужыя хлопцы — у форме і без — аператыўна запіхалі ў яго некалькі чалавек. Сярод затрыманых апынуліся менеджар камерцыйнага банка, два айцішнікі, настаўнік музыкі і стартапер.
На наступны дзень Мінскі раённы суд разгледзеў пяць адміністрацыйных спраў. Таму, хто прызнаў правапарушэнне, далі штраф 40 базавых велічынь (1080 рублёў). Таму, хто адмаўляў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, — 50 базавых (1350 рублёў).
— Гэта быў не нейкі мітынг, гэта было выказванне пазіцыі жыхарамі Новай Баравой, — расказвае Канстанцін Рускіх, кафаўндар стартапа. Ён не хоча свяціць яго назву — бізнес асобна, грамадзянская пазіцыя — асобна. Канстанціна аштрафавалі на 50 базавых велічынь.
— Выказванне без слоў, ціха, мірна. Як і па горадзе быў выбудаваны "ланцуг салідарнасці". Чаму яны павінны былі не прыехаць? Гэта было масавае мерапрыемства, — кажа Пётр Старычэнка, спецыяліст па базах звестак і "законапаслухмяны айцішнік". Пятра таксама аштрафавалі на 50 базавых велічынь.
Мы размаўляем з хлопцамі каля будынка суда, дзе ім толькі што ўручылі пастановы з сумамі штрафаў.
Дакументы — як пад капірку: "У 21:30 грамадзяне, знаходзячыся паблізу дома №1 па вуліцы Мікаяна, парушылі закон аб масавых мерапрыемствах, што выявілася ў прыняцці актыўнага ўдзелу ў складзе групы грамадзян у шэсці, пікетаванні без адпаведнага дазволу Мінскага райвыканкама з мэтай публічнага выказвання свайго негатыўнага стаўлення да правядзення выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".
Голымі і з трусамі на каленях прымусілі прысядаць
Еўрарадыё: Як вы лічыце, чаму прыехаў АМАП?
Канстанцін: Насамрэч ім усё роўна, куды ехаць. А яшчэ ёсць адна асаблівасць: Новая Баравая — гэта, па сутнасці, другая частка вёскі Копішча. А ў іншай частцы знаходзіцца дом, які пабудаваны спецыяльна для супрацоўнікаў АМАПа.
Еўрарадыё: Вас затрымалі, што далей было?
Пётр: Нас затрымалі, потым адвезлі ў Бараўлянскі РАУС. Потым скінулі ўсіх у бус, трошкі праехалі.
Канстанцін: У РАУСе мы прабылі тры гадзіны, пратакол складалі, рыхтавалі матэрыялы. Потым нас сабралі і адвезлі на Акрэсціна [там знаходзіцца ізалятар часовага ўтрымання і цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. — Еўрарадыё].
Пётр: Там нас сустрэлі, памералі тэмпературу, апрацавалі рукі антысептыкам. Потым паставілі ўсіх ля сценкі, пачалі выварочваць адзенне. Здымаць трусы, выварочваць трусы.
Цалкам голымі і з трусамі на каленях прымусілі прысядаць. Усіх пяцярых. Мабыць, каб не пранеслі нешта ўнутры сябе. Апісалі рэчы. Спыталі, якія ёсць фізічныя недамаганні. Здалі рэчы з вопісам. Потым нас размеркавалі па камерах.
Канстанцін: Ці рабілі гэта наўмысна, каб мы апынуліся з людзьмі, якія знаходзяцца там па нейкіх іншых прычынах, не звязаных з гэтымі пратэстамі.
Пётр: Я не ўпэўнены, што гэта было наўмысна. Не факт. Можа, гэта была проста адна камера вольная.
Канстанцін: Людзі, якія сядзелі там, былі добрыя да нас. Хоць нас палохалі, што татуіроўкі і доўгія валасы могуць быць дрэнна ўспрыняты людзьмі з гэтага кола. Наогул, людзі расказалі, што іх пабудзілі сярод ночы, некаторых спецыяльна прыбралі з камеры, каб нам вызваліць месца.
Суд заняў літаральна пяць хвілін
Еўрарадыё: Колькі часу вы там правялі?
Канстанцін: Атрымліваецца, каля 15 гадзін. Ніхто не казаў, калі будзе суд, ніхто нічога не казаў: "Мы не ведаем, не ведаем". Мы не ведалі нават, колькі часу. Потым нас вывелі на шпацыр. Мы спрабавалі па сонцы вызначыць колькі часу, зразумелі, што каля 11 раніцы, напэўна. Потым нас выклікаў да сябе оперупаўнаважаны. Ён задаваў звычайныя пытанні: "Кім працуеш?", "Кім жонка працуе?". Я спытаў, навошта гэтым займаецца оперупаўнаважаны. Ён сказаў, што ён проста адзіны, хто ёсць з вольных людзей. Я спытаў, калі суд, ён сказаў, што суд будзе па скайпе праходзіць.
І недзе праз пару гадзін нас паклікалі ў кабінет, там была камера з маніторам. Ішоў суд, нічога не было чуваць, я нават не пачуў прозвішча суддзі. Ну і суд заняў літаральна пяць хвілін. Яна проста зачытала матэрыялы справы. Спытала, што я рабіў у Новай Баравой. Я сказаў, што проста ішоў з людзьмі дадому і потым прыйшлі міліцыянты з гучнагаварыцелем, абвясцілі, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства і трэба разыходзіцца, і ў тую ж секунду з'явіліся бусы, і з іх выскачыў АМАП. Суддзя запытала, ці спытаў я каго-небудзь з людзей у натоўпе, ці санкцыянавана гэта выканкамам, я сказаў, што не, яна ўздыхнула і выпісала 50 базавых. І адпусцілі.
Еўрарадыё: Гэта ваша першае затрыманне?
Пётр: Я проста гуляў з дзяўчынай. Мы ідзём, спыняецца тры аўтобусы, і нас забіраюць. У мяне ёсць відэа з камер назірання, там відаць, што мы проста стаім, нікуды не ўцякаем, проста стаім. Мабыць, яны думалі забіраць толькі тых, хто аказвае супраціўленне, але вырашылі і мяне ўзяць заадно. Я шчыра і сумленна гуляў з дзяўчынай, не ўдзельнічаў у акцыі.
Канстанцін: А я заўсёды быў супраць сістэмы, супраціўляўся ёй. І ў 2010 годзе, і ў 2016-м. І заўсёды адчуваў нейкую незадаволенасць.
Еўрарадыё: Якія эмоцыі выклікала затрыманне?
Канстанцін: Мяне, вядома, пытаюцца, ці пайду я яшчэ. Адно, што мяне можа спыніць, — гэта крымінальная адказнасць за паўторнае прыцягненне. На тое і разлік, напэўна, што людзей хочуць запалохаць гэтымі вялікімі штрафамі, суткамі.
Пётр: Мне было страшна, калі нас яшчэ было двое ў нашай машыне. Мяне павалілі на падлогу, адзін з супрацоўнікаў націснуў мне каленам на шыю. Калі я спрабаваў нешта пытаць, мне казалі: "Заткніся", "Галаву апусці". І адзін з амапаўцаў нахіліўся і сказаў: "Я табе зараз галаву раструшчу". То-бок гэта былі не самыя прыемныя ўражанні.
Уцякае той, хто вінаваты. А мы ні ў чым не вінаватыя былі
Еўрарадыё: У Новай Баравой якія настроі?
Канстанцін: Хоть нас затрымалі пяцярых, вялікая колькасць людзей за гэтым назірала. З вокнаў, балконаў, яны ўсё гэта бачылі. Яны ўсе абураныя, яны ўсе ў сваіх дамавых чатах пішуць на гэты конт. Яны нават арганізавалі збор грошай нейкі для нас. Усе спачуваюць, мне шмат людзей у "Інстаграме" напісалі. Усе пішуць: "Дзякуй вялікі" — хоць мы нічога такога не зрабілі.
Еўрарадыё: Чаму забралі менавіта вас?
Канстанцін: Мы стаялі з жонкай, і я адразу вырашыў, што мы не будзем нікуды ўцякаць. Таму што ўцякае той, хто вінаваты, а мы ні ў чым не вінаватыя былі. Мы засталіся стаяць на месцы, яны пабеглі ў мой бок, я адразу падняў рукі, каб прыкрыць жонку неяк сабой, каб яе не забралі. Яна потым расказвала, што глядзела яму проста ў вочы, і яна ўбачыла ў яго ў вачах поўную разгубленасць, таму што я проста стаяў, ён неяк няёмка падышоў.
Пётр: Хачу адзначыць таксама такое, таму што яны пабеглі ў наш бок, мы стаім на месцы, а яны такія аббягаюць нас, таму што незразумела, што з намі рабіць. Напэўна, у іх моцна развіты "паляўнічы інстынкт" — калі трэба бегчы за тым, хто ўцякае. А не за тымі, хто проста стаіць.
Еўрарадыё: Якія там умовы?
Пётр: У гэтай сітуацыі было вельмі страшна. Таму што мне не давалі нікому патэлефанаваць, сказалі: "З ІЧУ [ізалятар часовага ўтрымання. — Еўрарадыё] патэлефануеш". А ў ІЧУ сказалі: "Ну, гэта з вамі так жартавалі. У ІЧУ ніякай сувязі няма. Калі маглі патэлефанаваць, то толькі ў міліцыі".
Калі я сядзеў у РАУСе, бачыў, як адзін з міліцыянтаў чытаў тэлеграм-каналы і глядзеў відосы.
Еўрарадыё: Што на працы казалі?
Канстанцін: Я сам сабе начальнік, і мой партнёр паставіўся да ўсяго з разуменнем. Аднаму з затрыманых на працы нават адразу нанялі адваката. Наогул, нас усіх падтрымлівалі.
Пётр: Мне на працы сказалі, што гэта адны суткі — нічога страшнага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.