Ярмошына: Пры прапарцыйнай сістэме парламент працаваў бы цікавей

Еўрарадыё: Днямі аднаму чалавеку патэлефанавалі супрацоўнікі дзяржаўнага цэнтра сацыялагічных даследаванняў і сярод іншага цікавіліся яго стаўленнем да прапарцыйнай сістэмы выбараў дэпутатаў — па партыйных спісах. Выпадкам, не па замове Цэнтрвыбаркама вывучаюць меркаванне людзей на гэты конт?



Лідзія Ярмошына: Не. Такой замовы ў нас няма. Ды і яе не можа быць пакуль у нас не змененая Канстытуцыя — пакуль у нас ёсць інстытут адклікання дэпутата, мы не можам перайсці да партыйных спісаў. Як вядома, сёння ў нас персанальнае абранне, якое прадугледжвае і персанальнае адкліканне. Тым не менш, скажу, што пытанне ўвядзення прапарцыйнай сістэмы ў нас абмяркоўваецца. Прычым, людзьмі, якія вызначаюць палітыку дзяржавы. Таму, яно вывучаецца. У тым ліку, вывучаецца і меркаванне людзей. Але я не думаю, што гэта будзе мець бліжэйшае прыкладное значэнне — хутчэй за ўсё, гэта так, агульная аналітыка.



Тым больш, што і ў Расіі, і ва Украіне дзяржава па патрабаванні насельніцтва перайшла да змяшанай сістэмы — адмовіліся ад цалкам прапарцыйнай сістэмы выбараў дэпутатаў. Украіна — ужо, а Расія ў бліжэйшы час пяройдзе на часткова мажарытарную сістэму. Зазвычай, прапарцыйная сістэма насельніцтвам не падтрымліваецца. Людзі аддаюць перавагу персанальнага абрання дэпутата і лічаць, што ён мусіць несці перад імі персанальныя абавязальніцтвы — прымаць іх, вырашаць нейкія іх пытанні. У партыі такая адказнасць таксама можа быць, але толькі па жаданні асобных дэпутатаў, якія ўваходзяць у партыйныя спісы.



Еўрарадыё: Асабіста вы да якой сістэмы абрання дэпутатаў больш схільныя?



Лідзія Ярмошына: Я з’яўляюся прыхільнікам прапарцыйнай сістэмы. Лічу, што тады мы перавядзём выбары на больш высокі ўзровень. Безумоўна, і там шмат падводных камянёў. Таму што мы не валодаем такімі грунтоўнымі дэмакратычнымі традыцыямі. Хаця, і там, мяркую, у партыйных спісах жулікаў хапае — яны ёсць у кожнай краіне. Але я заўсёды лічыла, што калі спісы будуць складацца партыямі, то ў іх не будзе відавочных маргіналаў, людзей, з неадэкватнай псіхікай і неадэкватнымі паводзінамі, з адмоўнай біяграфіяй. Бо рашэнне аб вылучэнні будзе прымаць партыя, а не сам грамадзянін, які сёння ў нас ідзе шляхам самавылучэння. І практычна з любой біяграфіяй можа вылучыцца і стаць кандыдатам у дэпутаты. Партыя, спадзяюся, будзе лепш гэта фільтраваць. Хаця, як паказвае вопыт, і тут няма ніякіх гарантый…



Тым не менш, мне хацелася б, каб з часам мы перайшлі на прапарцыйную сістэму. Магчыма, і парламент стаў бы працаваць цікавей, бо ішла б міжфракцыйная барацьба, міжпартыйная, нейкія дыскусіі б былі. Не асобных дэпутатаў, а калі дыскусія вядзецца ад імя пэўнай палітычнай сілы. Але гэта не больш, як маё прыватнае меркаванне, бо пытанне аб такім пераходзе не стаіць. І нават не ўключалася ў абмеркаванні, якія адбываліся і ў кіраўніка краіны, і ў Адміністрацыі прэзідэнта ў сувязі са зменамі выбарчага заканадаўства.


Еўрарадыё: Згодны наконт цікавасці працы нашага парламента — на працу ўкраінскага весела глядзець!



Лідзія Ярмошына: Глядзець весела, але апынуцца там не хочацца! Калі ідзе бойка — гэта ўжо бязмежжа, другі бок, нецывілізаваны, парламентарызму, якога б не хацелася. Расія — іншая справа. З другога боку, і сёння нашым дэпутатам нічога не перашкаджае аб’ядноўвацца ў дэпутацкія групы. Праўда, партыйныя фракцыі гарантуюць партыйную дысцыпліну, а працоўныя групы ствараюцца на дабравольным падмурку і з’яўляюцца часовымі калектывамі.



Карацей, у прапарцыйнай сістэме ёсць і плюсы, і мінусы. Кожная краіна павінна зрабіць свой выбар. Але калі зыходзіць выключна з пажадання насельніцтва, то мы ніколі не пяройдзем да прапарцыйнай сістэмы — насельніцтва заўсёды супраць. Калі Расія пераходзіла да гэтай сістэмы, то ўсе апытанні сведчылі пра абсалютнае непрыняцце яе грамадзянамі. Але было прынятае палітычнае рашэнне, без уліку меркавання грамадзян. Такія рашэнні ніколі не будуць папулярныя. Можа, стануць такімі з часам.



Еўрарадыё: Калі палітычнае рашэнне на гэты конт будзе прынятае, што ў заканадаўстве трэба будзе змяніць?



Лідзія Ярмошына: Найперш, неабходна будзе змяніць Канстытуцыю — прыбраць інстытут адклікання дэпутатаў. Другое — поўная рэформа выбарчага заканадаўства. Усё астатняе ў нас ёсць — партыі ёсць, парадак іх рэгістрацыі таксама. Тут праблем няма.



Еўрарадыё: Вы ж заўсёды казалі, што партыі ў нас слабыя, неактыўныя, нягеглыя… І што яны змогуць дасягнуць пры новай сістэме выбараў?



Лідзія Ярмошына: Калі прапарцыйная сістэма будзе прынятая, партыі пачнуць развівацца. Негатыўны бок існуючай у нас мажарытарнай сістэмы ў тым, што яна не спрыяе развіццю партый. А калі пяройдзем на прапарцыйную сістэму, то партыі стануць цікавымі для тых грамадзян, якія хочуць абірацца. Калі абірацца можна выключна па партыйных спісах, то трэба альбо ствараць сваю партыю ці ісці ўжо ў існуючую. А ў нас мільярдэраў Прохаравых не так шмат, таму шэрагі партый пачнуць павялічвацца. І людзі прыйдуць новыя са свежымі ідэямі.



Еўрарадыё: А пераўтварэнне “Белай Русі” ў партыю, на ваш погляд, паўплывае на палітычнае жыццё краіны?



Лідзія Ярмошына: Я думаю, што гэта грамадскае аб’яднанне ператворыцца ў партыю тады, калі з’явяцца перадумовы для пераходу на прапарцыйную выбарчую сістэму. Хаця, і цяпер яны як партыя змаглі б удзельнічаць у выбарах. Але я лічу, што такое пераўтварэнне “Белай Русі” будзе стымуляваць павялічэнне шэрагаў. Цяпер партыям няма з кім канкураваць. Тым больш, што найбольш актыўныя ў нас партыі, якія створаныя на правым флангу. З левых партый можна казаць толькі пра Камуністычную — Аграрная партыя удзельнічае ў выбарах вельмі млява. Таму, калі з’явіцца партыя з праграмай, падобнай да праграмы камуністычнай ды іншых левых партый, то стане больш цікавай барацьба не “левым полі”.



Еўрарадыё: Можа, такімі сацыялагічнымі апытаннямі, з якіх мы пачалі размову, “прамацваецца глеба” для такога пераўтварэння “Белай Русі”?



Лідзія Ярмошына: Гэта (пераход на выбары па партыйных спісах — Еўрарадыё) абмяркоўваецца не першы год! Я сама ў іх удзельнічала неаднаразова — я кажу пра кулуарныя абмеркаванні. Не ведаю, на якім узроўні гэтыя абмеркаванні цяпер — гэта не наша пытанне, яно — чыста палітычнае. Спачатку павінна быць прынятае палітычнае рашэнне, а потым нас падключаць на стадыі стварэння новага выбарчага заканадаўства. Але цягам апошняга года такое абмеркаванне не ішло. Можа, актывісты “Белай Русі, куды ўваходзяць нашы вышэйшыя службовыя асобы, будуць ініцыяваць гэта пытанне перад суб’ектам заканадаўчай ініцыятывы, але я пра гэта не ведаю.



Еўрарадыё: Што чакаць ад выбараў у мясцовыя саветы, як будзе праходзіць кампанія?



Лідзія Ярмошына: Рана казаць: няпэўнасць з законам — ён яшчэ нават не ўнесены ў парламент. У мяне адчуванне, што гэта (унясенне законапраекта аб унясенні зменаў у выбарчае заканадаўства на разгляд дэпутатаў парламента — Еўрарадыё) будзе восенню. Сёння можна казаць пра асобныя няпэўнасці. Тым не менш, ЦВК рыхтуецца, зыходзячы з таго, што закон будзе зменены, мы рыхтуем метадычныя тлумачэнні. Калі змены будуць прынятыя, то галоўнае там — больш не будзе дзяржаўных грошай на выраб рэкламнай прадукцыі кандыдатаў у дэпутаты. У астатнім… на мясцовых выбарах і так зняты бар’ер яўкі выбаршчыкаў, выбары праводзяцца па прынцыпе адноснай большасці, там, дзе яны альтэрнатыўныя. Там было прынята дастаткова шмат зменаў ў 2010 годзе. Спадзяюся, яны пачнуць працаваць.



Еўрарадыё: Ёсць небяспека, што папраўкі ў выбарчае заканадаўства не будуць унесеныя да мясцовых выбараў?



Лідзія Ярмошына: Усё можа быць. Справа ў тым, што для таго, каб усе новыя папраўкі былі ўнесеныя, яны павінны быць усімі ўзгодненыя. А шмат у якіх дзяржаўных устаноў ёсць свой погляд на тую ці іншую пазіцыю.



Еўрарадыё: Там ніякіх кардынальных зменаў няма?!



Лідзія Ярмошына: Паверце мне — у закон заўсёды цяжка ўнесці хоць нешта! Самыя нязначныя змены людзьмі асцярожнымі, вопытнымі, дзяржаўнымі палітыкамі заўсёды ўспрымаюцца вельмі цяжка і асцярожна.



Еўрарадыё: Будучыя выбары, агітацыйная кампанія, будуць ліберальнымі, дэмакратычнымі, з песнямі ды пікетамі ці ў адпаведнасці з Законам “Аб масавых мерапрыемствах”?



Лідзія Ярмошына: Такога кшталту палітычныя рашэнні прымаюцца напярэдадні выбараў і далёка не мной.


 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі