“Ёсць хлусня, а грантаў няма”: лідар руху “Разам” адказаў на абвінавачанні БДУ

“Ёсць хлусня, а грантаў няма”: лідар руху “Разам” адказаў на абвінавачанні БДУ

Падчас інтэрв’ю Еўрарадыё з Радзівонам Батуліным, намеснікам загінулага кіраўніка “Беларускага дома ва Украіне” (БДУ) Віталя Шышова, ад мужчыны прагучалі заўвагі наконт дзейнасці старых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі Вячаслава Сіўчыка і Алены Талстой, якія шмат даўней за БДУ разгарнулі дзейнасць ва Украіне. Маўляў, тыя нічога амаль не робяць, а толькі “пілуюць гранты” ды займаюцца самапіярам.

Хто ж тут насамрэч “грантаед”, у чым сутнасць канфлікта БДУ і старой апазіцыі, а таксама пра пагрозы з боку “маладняка” Еўрарадыё даведалася ў кіраўніка руху салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка.

“Цынізм, подласць, нахабства!”

Вячаслаў Сіўчык — беларускі апазіцыянер старой фармацыі, былы сакратар управы БНФ, актывіст, ініцыятар стварэння шэрагу грамадскіх арганізацый. На дадзены момант ён знаходзіцца ў Кіеве.

“Ёсць хлусня, а грантаў няма”: лідар руху “Разам” адказаў на абвінавачанні БДУ
Вячаслаў Сіўчык / svaboda.org

— Пачынаючы з майго выступу 13 чэрвеня 2021 года, можна лічыць, што я аднавіў сваю палітычную дзейнасць ва Ўкраіне, — распавядае Вячаслаў у інтэрв’ю Еўрарадыё. — Цяпер тут ідзе дастаткова моцная кампанія супраць мяне асабіста і супраць руху салідарнасці “Разам”.

Радзівон Батулін пра прадстаўнікоў старой апазіцыі:

“Мы былі косткай у горле для многіх прадстаўнікоў беларускага пратэставага руху — такіх, як Вячаслаў Сіўчык і Алёна Талстая. Яны — прадстаўнікі старой апазіцыі і прывыклі проста паразітаваць на пратэставым руху.

27 гадоў яны займаліся толькі тым, што "пілавалі" грошы, якія ім выдзяляліся, але воз і цяпер там: людзей усё гэтаксама рэпрэсуюць і прыгнятаюць. Цяпер вырасла новае пакаленне, якое паўстала, а старыя хочуць зноў усё гэта асядлаць, пілаваць свае грошыкі, ствараць бачнасць працы і працягваць паразітаваць. Яны хочуць існаваць так, як яны прывыклі гэта рабіць дзесяцігоддзямі.”

— Вы бачылі, напрыклад, словы, прысвечаныя мне ў інтэрв’ю спадара Радзівона Батуліна, — працягвае Вячаслаў. — І гэтыя абсалютна ганебныя і хлуслівыя словы расцэньваю ў якасці поўхі не мне асабіста, а ўсёй Беларусі. Калі пісаць пра мяне, што“яны 27 гадоў займаліся толькі тым, што пілавалі грошы, якія ім выдзялялі, а воз і цяпер там жа”, — гэта проста вялікае нахабства і цынізм. “Гэб’ё” заўсёды пільна сачыла за тым, каб у руху садідарнасці“Разам” не было рэсурсаў для яго дзейнасці. Наш рух, на вялікі жаль, аніводнага гранта не атрымаў. Я разумею, што “гэб’ё” не можа дараваць мне акцыі, у тым ліку акцыі супраць глыбокай інтэграцыі, якія адбываліся ў снежні 2019 года. Але ж вось такі цынізм і подласць ад людзей, якія чамусьці толькі ў 2021 годзе вырашылі заняцца Беларуссю — гэта проста штосьці з нечым.

Еўрарадыё: А ўвогуле з чаго пачаўся ваш канфлікт з БДУ?

Вячаслаў Сіўчык: Што тычыцца БДУ, то раней сустаршыня руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая ў Кіеве непасрэдна займалася вулічнымі акцыямі, дапамогай бежанцам, у тым ліку і стварэннем “Беларускага дома ва Ўкраіне”. Але з’явіліся новыя людзі і, па вялікаму рахунку, зарэгістравалі БДУ. Прычым дастаткова подла, таму што ў гэты момант Алена два месяцы хварэла на каранавірус.

“Ёсць хлусня, а грантаў няма”: лідар руху “Разам” адказаў на абвінавачанні БДУ
Алена Талстая / фэйсбук

Вячаслаў Сіўчык: Справа ў тым, што адбылася, у пэўнай ступені, прыватызацыя беларусаў, якія прымкнулі толькі да адной палітычнай сілы, якая называецца “Нацыянальны корпус”. Мы ж імкнуліся праводзіць традыцыйныя беларускія акцыі, і хто б у іх прымаў удзел — гэта асаблівага значэння не мае. Таму адзначу, што кампанія, якая мэтанакіравана вядзецца супраць руху салідарнасці “Разам”, невыпадковая. Яна вялася і тады, калі мяне не было ва Украіне. Проста цяпер, у сувязі з тым, што я чалавек вядомы, вырашылі узяць усё і накінуць персанальна на мяне.

У нас даўно канфлікт з лукашысцкімі спецслужбамі, таму што наш рух, пачынаючы з 2006 года, праводзіць акцыі ва Украіне, і акцыі мы праводзім яшчэ ў сямі краінах, не толькі ў Беларусі. А праз амбасаду [Беларусі ва Украіне. — Еўрарадыё], праз агентуру праводзілі вусную работу па беларусах, каб людзі не прыходзілі на акцыі. Па вялікім рахунку, для нас нічога моцна не змянілася. Бо той аб’ём бруду, які штодзённа льюць на мяне, і тыя пагрозы, што паступаюць, — гэта было заўсёды. Іншая справа, што раней гэта не было так сканцантравана ў адным месцы.

Старыя “грантаеды”?

“Ёсць хлусня, а грантаў няма”: лідар руху “Разам” адказаў на абвінавачанні БДУ
Вячаслаў Сіўчык (у акулярах і белым плашчы) падчас “Чарнобыльскага шляху” у 1997 годзе / фэйсбук

Еўрарадыё: З боку БДУ да вас з’явіліся прэтэнзіі наконт пілавання грантаў. Насамрэч пілуеце гранты ці не?

Вячаслаў Сіўчык: Якраз мы — чыста беларуская арганізацыя, наша падтрымка толькі ўнутраная. Рух салідарнасці “Разам” ні разу ў жыцці — падкрэсліваю — не атрымаў аніводнага гранта. Гэта пры тым, што мы ў Беларусі дзейнічаем вельмі даўно і зарэгістраваныя не толькі ва Украіне.

Хай называюць як хочуць. Толькі няхай гранты даюць хаця б. Дайце, калі ласка, гранты, таму што беларускі народ сёння сапраўды ў страшнай сітуацыі. Трэба дзейнічаць, а для гэтага патрэбныя рэсурсы. На жаль, ёсць толькі хлусня, а вось грантаў няма.

Еўрарадыё: “27 гадоў яны займаліся толькі тым, што “пілавалі” грошы”, — кажа Батулін. Што ў вас атрымалася зрабіць за час існавання руху салідарнасці “Разам” ва Украіне?

Вячаслаў Сіўчык: Вельмі шмат чаго зрабілі. Пачнём з таго, што адзіная сустрэча міжнародных экспертаў па тэме “Гібрыдная вайна Расійскай Федэрацыі супраць Беларусі” адбылася ў лютым 2020-га года ў Кіеве, больш такога і блізка не было.

Непасрэдным ініцыятарам і арганізатарам быў рух садідарнасці “Разам”. Перад гэтым мы правялі канферэнцыю ў Чарнігаве — “Беларуская інтэлігенцыя ў падтрымку беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы”.

У 2020 годзе мы заснавалі беларускі інфармацыйны цэнтр у Кіеве, які даваў праўдзівую інфармацыю па Беларусі. Праводзім абсалютна розныя па фармаце акцыі ў розных абласцях Украіны. Наколькі магчыма, мы дапамагаем беларусам. Але ў нас, натуральна, няма магчымасці атрымліваць на гэта нейкія бюджэты.

“Ёсць хлусня, а грантаў няма”: лідар руху “Разам” адказаў на абвінавачанні БДУ
Вячаслаў Сіўчык / politteo.online

“Адна з задач БДУ — адсекчы беларусаў ад Украіны”

Еўрарадыё: Сцвярджаюць, што на маршы і акцыі вы запрашаеце людзей прыходзіць з адпаведнай іх поглядам партыйнай сімволікай, але нібыта раней была дамоўленасць аб тым, каб ніякай сімволікі не было. Як гэта патлумачыць?

Вячаслаў Сіўчык: Таму што адна з задач тых, хто рэальна ствараў БДУ, — адсекчы беларусаў ад Украіны. Што гэта за патрабаванне, каб не было партыйнай сімволікі? Тут задача ў тым, каб уся Украіна нас падтрымлівала.

Нагадаю, што яшчэ раней у Вярхоўнай радзе Украіны была створана межфракцыйная дэпутацкая група за дэмакратычную Беларусь. Ад падтрымкі усіх фракцый, акрамя прамаскоўскіх, залежыць, ці атрымаецца ў нас дасягнуць галоснасці наконт страшнай гуманітарнай катастрофы, якая сёння адбываецца ў Беларусі.

Бо, натуральна, магчымасці ў палітычных партый значна большыя, чым у тых людзей, якія да канца не могуць сфармуляваць, чаму яны заняліся Беларуссю ў 2021 годзе. Чаму той жа спадар Радзівон так заклапаціўся гэтай праблемай?

Еўрарадыё: Але ці не вельмі рызыкоўна ісці ў адной калоне нацыяналістам і, скажам, анархістам?

Вячаслаў Сіўчык: Ну што, не было раней акцый у Кіеве? Яны былі, і там былі анархісты і іншыя. Яшчэ зусім нядаўна, у кастрычніку 2020-га года, анархісты масава прымалі ўдзел у антылукашэнкаўскіх акцыях.

Усё гэта змянілася дзякуючы пільнай працы пэўных людзей. Гэта штучная праблема, мы яе вырашалі ў Мінску, яе можна вырашыць і ў Кіеве. У той час, як знішчаюць беларускі народ, чамусьці адбываюцца нейкія ідэалагічныя разборкі.

Костка ў горле

“Ёсць хлусня, а грантаў няма”: лідар руху “Разам” адказаў на абвінавачанні БДУ
Вячаслаў Сіўчык на адной з акцый / фэйсбук

Еўрарадыё: Намеснік кіраўніка БДУ узгадаў пра інфармацыйную атаку на іх арганізацыю і сказаў, што яны для вас з Аленай Талстой — нібыта костка ў горле. Ці ёсць нейкі ціск з вашага боку?

Вячаслаў Сіўчык: Канешне, няма ніякага ціску. Тое, што мы кажам, мы кажам адкрыта, у СМІ. Іншая справа, што ў іх прынята расказваць пра тое, што мы быццам гаварылі. Гэта пастаўлена на паток. Звярніце ўвагу, што непасрэдна я да “Беларускага дома” не маю ніякага дачынення. Тым не менш, яны перавярнулі рэчаіснасць так, што я да гэтай структуры маю нейкае дачыненне. Не маю.

“Пагражалі, і не толькі мне”

Еўрарадыё: А ці не плюнуць на ўсе рознагалоссі, сабрацца разам і абмеркаваць набалелыя пытанні?

Вячаслаў Сіўчык: Ды няма праблем. Больш за тое, яны ведаюць, што кожны панядзелак адбываюцца рабочыя групы. Адзін раз дзеля таго, каб сарваць святкаванне Дня Незалежнасці і нахлусіць нашым украінскім партнёрам, яны нават сюды прыйшлі. Яны ж усе ведаюць, дзе офіс руху, дзе можна мяне знайсці. Можна ж не толькі пагражаць, можна прыйсці і пагаварыць.

Еўрарадыё: Вы не абмовіліся? Калі вам пагражаў нехта з БДУ, то гэта вельмі гучная заява.

Вячаслаў Сіўчык: Зразумела, пагражалі, і не толькі мне. Гэта абсалютна не гучная заява, гэта ўсё ляжыць на паверхні.

Еўрарадыё: Дык, можа, трэба было некуды звярнуцца, дзе б далі рады?

Вячаслаў Сіўчык: А сэнс? Гэта было публічна, гэта бачылі беларусы, і калі яны маўчаць і самі баяцца, то што я? Я не маці Тэрэза.

“Ёсць хлусня, а грантаў няма”: лідар руху “Разам” адказаў на абвінавачанні БДУ
Вячаслаў Сіўчык / фэйсбук

“Расійскі імперыялізм — пагроза нават для “ябацек”

Еўрарадыё: Тады што ж адбываецца навокал беларускай супольнасці ва Украіне?

Вячаслаў Сіўчык: Разумееце, ёсць беларуская нацыянальная ідэя: за Беларусь трэба змагацца, маючы грошы ці не маючы. Зараз адна галоўная мэта — палітычная барацьба с расійскім імперыялізмам. Гэта самая вялікая пагроза сёння для кожнага беларуса, нават для гэтых няшчасных “ябацек”. Таксама страшная пагроза для супрацоўнікаў усіх беларускіх сілавых структур.

Таму што калі гэтая зачыстка дойдзе да канца, сілавікоў чакае вельмі незайздросны лёс, яны будуць кінутыя ў розныя краіны дзеля таго, каб бяздарна гінуць за гэтую недаімперыю, за ідыётскія планы Крамля і Лубянкі. Але замест таго, каб казаць тое, што трэба казаць, мы маем тузін правакацый, нейкія сутыкненні.

“Ёсць хлусня, а грантаў няма”: лідар руху “Разам” адказаў на абвінавачанні БДУ
На фота злева направа: Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Мікола Статкевіч / svaboda.org

Еўрарадыё: Можа, жадаеце дадаць нешта ад сябе?

Вячаслаў Сіўчык: Вельмі шкада Віталя Шышова, хоць я і слаба яго ведаў. Але тое, што ў Кіеве людзі гінуць, гэта, канешне, страшна. І для мяне тое, што некаторыя нейкім чынам выкарыстоўваюць гэтую трагічную смерць, таксама страшна.

Таксама хацеў бы скарыстацца магчымасцю, каб павіншаваць Міколу Статкевіча, яго жонку Марыну Адамовіч і ўсю сям’ю, усіх сябраў БСДП “Грамада” з тым, што ў Мікалая Віктаравіча быў Дзень народзінаў.

Я вельмі спадзяюся, што Беларусь сапраўды будзе вольнай, нашы палітвязні выйдуць і ў беларускага народа будзе шанец будаваць сваю нармальную, еўрапейскую дзяржаву. Жыве Беларусь!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі