Юрый Караеў: я арганізоўваў не гвалт, а ахову грамадскага парадку
Памочнік прэзідэнта па Гродзенскай вобласці і экс-кіраўнік МУС Беларусі Юрый Караеў даў інтэрв'ю блогеру Аляксею Голікаву. Яно з'явілася на Youtube-канале блогера.
Экс-міністр распавёў, што з'яўляецца хрысціянінам: пахрысціўся ў 42 гады. (Дарэчы, сёлета Караеву споўнілася 54 гады.)
Ён заявіў, што хаця хрысціянства не прымае гвалту, але адкідаць яго цалкам не атрымліваецца. "Ну, мы ж ваенныя людзі. Нейкія адступленні ў ваенных людзей павінны быць. Калі памятаць толькі пра тое, што гвалт не прымаецца, тады ўсе добрыя людзі павінны раззброіцца і бясконца падстаўляць правую пасля левай. Для захаванне дзяржаў, грамадскага парадку, нейкі мінімальны, сувымерны гвалт ўсё ж бывае. І без яго немагчыма", — паведаміў Караеў.
На пытанне пра свае дзеянні ў жніўні падчас акцыяў супраць фальсіфікацыі выбараў экс-міністр акрэсліў: "Я не арганізоўваў гвалт. Я арганізоўваў ахову грамадскага парадку, каб функцыянавалі ўсе аб'екты жыццядзейнасці, транспартныя артэрыі, камунікацыі і нармальнае жыццё населеных пунктаў і краіны — вось што я арганізоўваў".
Як вядома, ні па адным з фактаў збіцця і траўмаў, якія нанеслі сілавікі, і нават па фактах гібелі дагэтуль няма ніводнай крымінальнай справы. Следства або зацягвае праверкм (як у выпадку з гібеллю Аляксандра Тарайкоўскага), або адказвае пра адсутнасць складу злачынства (як у выпадку гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча, якому зламалі абедзве рукі).
Караеў называе сябе патрыётам беларускай дзяржавы і тлумачыць сваё разуменне патрыятызму: "Патрыятызм — гэта калі ты за сваю краіну, за сваю дзяржаву, і яе праслаўляеш, любіш, робіш для яе карысці. Імкнешся, каб яна жыла лепш... Нават скажу так — лепш, чым іншыя".
У гэтым ён, па словах самога экс-міністра, разыходзіцца з Паўлам Латушкам. Праўда, Караеў прызнаецца, што асабіста з Латушкам не знаёмы і пра яго погляды да жніўня 2020-га нават не ведаў.
"Вось тое, што ад яго зыходзіць цяпер, я лічу нават не псеўдапатрыятызмам, а поўнай разбуральнай дзеяй для краіны. я не магу растлумачыць яго матывы, не ведаю, што ён за чалавек. Але мне з маім жыццёвым досведам, з маёй сцежкай здаецца, што ён зусім не патрыёт, я ўпэўнены ў гэтым. Ён ідзе супраць дзяржавы", — падкрэслівае былы кіраўнік МУС.
Ён лічыць, што заклікі Латушкі згубныя не толькі для дзяржавы, але і для краіны ў цэлым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.