З 50 гуртоў арганізатары Heineken Open'er выбралі “Гаротніцу”
Мінскі гурт падтрымае перфоманс Паўла Альтхамера на адным з найбуйнейшых фэстаў Еўропы.
На польскім Heineken Open'er Festival мастак Павел Альтхамер паўторыць мінулагодні мінскі арт-перфоманс “Сустрэча ўсходу ў “Горадзе Сонца” людзьмі ў залатых касцюмах”. Сёлета на малой фестывальнай сцэне Alterklub Stage наведвальнікам прапануюць зладзіць шэсце да мора ў залатых скафандрах. У гэты час будуць выступаць гурты N.R.M і Harotnica.
“У N.R.M. ёсць песня “Прамень”, якая была напісаная менавіта да перфоманса. Таму Павел і прапанаваў іх выступ, — тлумачыць адзін з арганізатарў перфоманса Ігар Знык. — Ну і, каб быў не адзін беларускі гурт, а хаця б два, арганізатары Heineken Open'er Festival папрасілі мяне і Паўла прапанаваць ім яшчэ гурты. Мы даслалі дзесьці каля 50 калектываў, з якіх яны выбралі Harotnica”.
Беларусы выступяць 6 ліпеня і будуць закрываць асноўную праграму фэсту на Alterklub Stage.
Нагадаем, Heineken Open'er Festival пройдзе 3-6 ліпеня на беразе польскаў Балтыкі ў горадзе Гдыня. Сёлета хэдлайнерамі стануць Blur, Kings of Leon, Arctic Monkeys, Queens of the Stone Age, Nick Cave and the Bad Seeds.
Фота з архіва гурта