З Беларусі выслалі 175 замежнікаў
Такія вынікі аперацыі "Нелегал", якую ладзіла Міністэрства ўнутраных спраў.
12-15 траўня Міністэрства ўнутраных спраў разам з органамі дзяржбяспекі і памежнай службы правяло аперацыю "Нелегал". Па яе выніках за грубае парушэнне правілаў знаходжання з Беларусі выдаленыя 175 чалавек. Як перадае БЕЛТА, спецыялісты адпрацоўвалі ў першую чаргу рынкі, вакзалы, інтэрнаты і арандаваныя кватэры.
Акрамя таго, праваахоўнікі праверылі, наколькі законна працуюць у Беларусі замежнікі на разнастайных прадпрыемствах. Па факце парушэнняў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя 26 службовых асоб.
Падчас аперацыі "Нелегал" на 27 замежнікаў былі пачатыя крымінальныя справы, на двух з іх — за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, 21 — за парушэнне тэрміну забароны ўезду ў Беларусь. Акрамя таго, затрыманыя чатыры чалавекі, якія знаходзіліся ў міжнародным вышуку.
Агулам падчас аперацыі "Нелегал" міліцыянты прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці больш за 2000 замежнікаў, якія парушылі правілы знаходжання ў Беларусі, а таксама парадак працоўнай дзейнасці.
Фота — uvd.gomel.by