З мінскай міліцэйскай машыны адмовіліся здымаць расійскі сцяг
Мінчанін паскардзіўся ў сталічную міліцыю на замежны трыкалор і на тое, што людзі ў пагонах, на яго думку, парушылі правілы дарожнага руху.
Інжынер-камунальнік Дзмітрый Курза паскардзіўся ў МУС на расійскі сцяг. Дакладней, на сувенірны сцяжок, які некаторыя міліцыянеры чапляюць на лабавое шкло службовых аўтамабіляў. І хоць тэндэнцыя мае месца, на беларускую міліцыю з гэтай прычыны раней публічна ніхто не скардзіўся.
“А пачалося з таго, што 29 ліпеня ў мяне каля чыгуначнага вакзала скралі кашалёк. І я пайшоў у мясцовае аддзяленне міліцыі на транспарце, каб напісаць заяву, — згадвае Дзмітрый. — Усё напісаў і, калі выходзіў з міліцэйскага пункта, пабачыў на іх службовым мікрааўтобусе дуплет з беларускага і расійскага сцяжкоў. Тады я вярнуўся і папрасіў у дзяжурных, каб гэта з мікрааўтобуса знялі. Бо я лічу, што дзяржаўныя службоўцы не павінныя выказваць сімпатыю да якога-небудзь палітычнага руху і пазначаць такой сімволікай дзяржаўныя аўтамабілі. А ў прыватным жыцці — дома, на лецішчы, на прыватных аўтамабілях — гэта калі ласка”.
Па словах Дзмітрыя, у міліцыі адказалі, што не бачаць нічога дрэннага ў расійскім сцяжку:
“Я адзначыў, што гэта непрымальна, каб на службовым транспарце быў размешчаны сцяг іншаземнай дзяржавы. Праз тыдзень мне патэлефанавалі і папрасілі прыехаць у міліцыю на Розы Люксембург (там знаходзіцца Мінскі аддзел унутраных спраў на транспарце, — Еўрарадыё). Я адмовіўся рабіць гэта без позвы і не паехаў”.
У выніку Дзмітрый атрымаў адказ, падпісаны начальнікам аддзела мінскага АУС на транспарце. Там выказвалася пазіцыя, што расійскі сцяжок — гэта “сувенірная прадукцыя Саюзнай дзяржавы”. Парушэнняў начальнік не заўважыў. Тады Дзмітрый Курза паскардзіўся у гарадское ўпраўленне міліцыі. Там ён у дадатак да ўсяго спаслаўся на правілы дарожнага руху, якія забараняюць чапляць пабочныя прадметы на шкло і аконныя праёмы аўтамабіляў. Але гэтых аргументаў аказалася недастаткова. У сераду, 27 жніўня, Дзмітрый атрымаў чарговы адказ.
“Фактаў парушэнняў супрацоўнікамі Мінскага АУС на транспарце патрабаванняў Правілаў дарожнага руху і нарматыўных прававых актаў МУС Рэспублікі Беларусь не ўстаноўлена, — пазначана ў паперы, падпісанай С. М. Сіневічам, выканаўцам абавязкаў начальніка аддзела аператыўна-дзяжурнай службы ГУУС Мінгарвыканкама. ― Галоўнае ўпраўленне выказвае Вам шчырую ўдзячнасць за садзейнічанне ў выключэнні негатыўных момантаў у службовай дзейнасці сталічнай міліцыі”, — на дыпламатычнай ноце заканчваецца адказ.
У чацвер 28-га жніўня ля прывакзальнага пункта міліцыі патрэбнага мікрааўтобуса з расійскім сцяжком не бачым. Астатнія машыны маюць нармальны выгляд
Звязваемся з аддзелам інфармацыі сталічнай міліцыі і цікавімся іх пазіцыяй наконт вывешвання на шкле службовай машыны беларуска-расійскай кампазіцыі са сцяжкоў.
“Калі шчыра, упершыню чуем інфармацыю такога плана. Увагі гэтаму пакуль не надавалі”, — адказваюць Еўрарадыё і абяцаюць разгледзець нашае пытанне.
Раней Еўрарадыё паведамляла пра моду беларускіх вайскоўцаў чапляць на свае машыны расійскія сцяжкі і георгіеўскія стужкі як даніну павагі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Але сёння на фоне ваенных дзеянняў ва Украіне гэтыя сімвалы ўспрымаюцца як маральная падтрымка сепаратыстаў.
Фота virtual.brest.by